Ці хутка расійскія ўлады захочуць ад свайго саюзніка больш практычных паслуг?
Хто такі — гэты «верагодны праціўнік» беларускага войска? Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» мае на гэта свой варыянт адказу — пасіўна-агрэсіўны памежны плот!
Верагоднага праціўніка бачыце? І я не. А ён ёсць. Таму што беларускія ўлады пакуль яшчэ могуць кагосьці стрымліваць «ад прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі». Ну не было б “верагоднага праціўніка” — так яны б і не стрымлівалі. Правільна? А калі стрымліваюць — значыць, ёсць каго. Значыць, ён існуе. Верагодны праціўнік. Інакш бы стрымліваць не было б каго. Жалезная логіка.
Хто ён канкрэтна, гэты верагодны праціўнік, пакуль да канца, праўда, не зразумела. Але я падазраю, што тут усё проста. Вось каго атрымліваецца стрымліваць — той і ёсць верагодны праціўнік. Ну і сапраўды, навошта беларускім генералам праціўнік, якога не атрымліваецца стрымліваць? Тут галоўнае — рабіць сабе бюджэт і не задаваць сабе дурных пытанняў. Накшталт: "Адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад?", "Хто вінаваты ва ўсёй гэтай эскалацыі?» або «Дзе Гадо?».
Праціўнік рыхтуе напад, як я сабе разумею, пасіўна-агрэсіўным памежным плотам. Вось праціўнік будуе платы — а беларускія генералы сабе стрымліваюць, каб ён не ўжыў супраць іх ваенную сілу.
З апошніх, мабыць, ужо сіл стрымліваюць. Таму што не ў кожнага ж вытрымаюць нервы, калі сусед будуе супраць цябе наступальныя платы. Гэта проста абраза нейкая, недавер. Хіба ж беларускія генералы яго заслужылі? Самалёты тармазілі — была справа. Мігранты хадзілі, ракеты лёталі, саюзніка да сябе вось пусцілі, каб яму зручней было напасці.
Аднак жа палітыку праводзілі паслядоўнай міралюбнасці і міжнароднай разрадкі. Не мілітарызаваліся, як некаторыя мілітарызуюцца. Вунь Польшча — генералы не дадуць схлусіць — павялічыла вайсковыя выдаткі да шакавальных 2,5 працэнтаў бюджэту. Гэта ў той час, калі беларускім генералам выдаюць на абарону жалю вартыя 7,8 працэнта!
Дый саюзнік, праўду кажучы, падкачаў. Не такога саюзніка генералы сабе ўяўлялі 23 лютага. Яны сабе ўяўлялі саюзніка, які Кіеў за тры дні захопіць і партовыя тэрміналы ў Адэсе здабудзе ў абмен на братэрскую любоў! Каб другая армія свету і нязломны шчыт ля заходніх межаў.
Але аказалася, што другая армія і нязломны шчыт дзейнічае ў асноўным у прасторы саюзніцкага ўяўлення. Пасля стратэгічнага манеўру ў Кіеўскай вобласці, перадыслакацыі ў Харкаўскай і паспяховай адступальнай аперацыі ў Херсонскай, УСУ ўчора паведамілі, што Расія пачала адводзіць войскі з некаторых гарадоў у Запарожскай вобласці. Гэта значыць, там, мабыць, таксама рыхтуецца нешта такое альтэрнатыўна-наступальнага характару.
І атрымліваецца, што на дапамогу саюзніка надзеі ўсё менш, а яму дапамога патрабуецца ўсё больш. Прычым ужо не ў форме вербальных інтэрвенцый. Расія вялікая, вербальных інтэрвенцый у яе шмат. Аднак жа неяк вось вербальныя інтэрвенцыі — нават найноўшага ўзору — не дапамаглі атрымаць перамір'е на прыемных для Крамля ўмовах. Так што, падазраю, ад беларускага саюзніка расійскія ўлады неўзабаве захочуць больш практычных паслуг..