Цэнтр народнай адукацыі АБФ спыняе працу з-за пагроз сілавікоў

Арганізацыя народнай адукацыі «Актыўным быць файна» (Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «АБФ») спыняе сваю працу. Пра гэта паведаміла дырэктарка АБФ Юлія Міцкевіч. Паводле яе слоў, сілавікі пагражаюць ёй абвінаваціць цэнтр у экстрэмісцкай дзейнасці і арганізацыі жаночых пратэстаў.

ebc32141b03fe5a07ac6d2dafcad1203.jpg


Юлія Міцкевіч нядаўна была вызваленая пасля 15 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Арышт яна адбывала разам з філосафкай Вольгай Шпарагай. Жанчыны з’яўляюцца су-каардынатаркамі Фемгрупы ў Каардынацыйнай радзе. Вольга пасля вызвалення пакінула Беларусь з-за пагрозы паўторнага арышту. А Юлія цяпер закрывае свой адукацыйны цэнтр, паведамляе Reform.by.

«У сувязі з пагрозай быць абвінавачанымі ў экстрэмізме Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “АБФ”, дзе я з’яўляюся дырэктаркай, спыняе сваю дзейнасць» — напісала Юлія Міцкевіч у Facebook увечары 27 кастрычніка.

Па словах Юліі, падчас затрымання і арышту сілавікі не раз «гутарылі» з ёй і спрабавалі аказаць ціск. Спачатку яе распытвалі аб дзейнасці Фемгрупы Каардынацыйнай рады, а затым сталі раскручваць тэму таго, што яе цэнтр АБФ звязаны з арганізацыяй жаночых пратэстных маршаў у Мінску. Такія гутаркі з Юліяй, паводле яе слоў, праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК некалькі разоў, ясна даючы зразумець, што цэнтр могуць уцягнуць у крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў.

«Я закрываю цэнтр у першую чаргу дзеля бяспекі валанцёраў і выкладчыкаў, таму што не хачу, каб ні ў чым не вінаватыя людзі пацярпелі», — сказала Юлія Міцкевіч.

Цэнтр АБФ, як гаворыцца на яго сайце, з’яўляецца першай у Беларусі «арганізацыяй сучаснай народнай адукацыі». Ён займаўся нефармальнай адукацыяй для дарослых, у асноўным па гендарнай, антыдыскрымінацыйнай тэматыцы і да т.п., у першую чаргу выкарыстоўваў метад навучальных «шведскіх» гурткоў, у аснове якога ляжыць прынцып «роўны навучае роўнага».