Частка ІП у розных гарадах Беларусі маюць намер найбліжэйшымі днямі аднавіць працу, частка — працягнуць забастоўку

 Індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) з Віцебска і Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) маюць намер працягваць пратэсты ў сувязі з уваходжаннем у сілу ўказа прэзідэнта № 222. 



zahruziennoje13.jpg

Указ набыў моц 1 ліпеня. Ён абавязвае мець сертыфікаты і суправаджальныя дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца ІП у Беларусь пасля гэтай даты. Прадпрымальнікі заяўляюць, што гэта патрабаванне невыканальнае, паколькі ў пастаўшчыкоў (у асноўным расійскіх) атрымаць патрэбныя дакументы проста немагчыма. Да 1 сакавіка 2015 года ўстаноўлены пераходны перыяд, на працягу якога ІП могуць распрадаваць без суправаджальных дакументаў рэшткі тавараў, увезеных да ўваходжання ўказа ў сілу. Гэта, як лічаць самі прадпрымальнікі, дае магчымасць людзям папрацаваць некаторы час у прывычных умовах, але праблему не вырашае.

У дзень уваходжання ўказа ў сілу вялікая колькасць ІП у Баранавічах, Слоніме (Гродзенская вобласць), Магілёве, Віцебску, Гомелі, Пінску (Брэсцкая вобласць), Светлагорску (Гомельская вобласць), Гродне, Рэчыцы (Гомельская вобласць) і некаторых іншых гарадах у знак пратэсту спынілі працу.

Як паведаміў БелаПАН 7 ліпеня актывіст РГА "Перспектыва", мінскі прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук, забастовачныя настроі ў шэрагу гарадоў па-ранейшаму назіраюцца, аднак частка ІП, якія на мінулым тыдні падтрымалі забастоўку, плануюць аднавіць працу найбліжэйшымі днямі. "З 10 ліпеня яны плануюць заплаціць адзіны падатак, тыя, хто не заплаціў, і паціху выходзіць на працу", — сказаў Піліпук. 


Ён таксама паведаміў, што 4 ліпеня рынкі Гомеля наведалі прадстаўнікі падатковых органаў. "У тых, хто працаваў, яны правяралі наяўнасць вопісаў на рэшткі тавараў. Нягледзячы на тое што вопісы, згодна з указам № 222, можна завяраць да 31 ліпеня, гэтыя дакументы ў двух асобніках павінны быць хаця б складзены і размешчаны на гандлёвых пунктах", — расказаў Піліпук. 
 

Разам з тым у Віцебску і Баранавічах ІП не маюць намеру аднаўляць працу, паведаміла БелаПАН старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза "Разам" Ірына Яскевіч (Віцебск). 
 

"У нас вельмі цяжкая сітуацыя, але мы стаім, — расказала яна. — Той, хто ўжо стаіць, яшчэ крыху пратрымаецца. У Віцебску пакуль ніхто нават не думае спыняць забастоўку. У Баранавічах тое ж самае. Мы не можам сказаць прадпрымальнікам: выходзьце, паколькі нічога не змянілася. Гэта рашэнне, якое кожны павінен прыняць сам за сябе". 
 

Сітуацыя, калі Мінск, які не падтрымаў масавыя пратэсты ІП, "карыстаецца тым, што рэгіёны стаяць, а ў сталіцы павышаюць колькасць рэшткаў тавараў, застанецца на сумленні мінскіх прадпрымальнікаў", заявіла Яскевіч. "Гэта будзе і на сумленні кіраўніцтва ведамстваў і кантрольных органаў, якія сваім рашэннем заахвочваюць нядобрасумленнасць сярод прадпрымальнікаў, працу без дакументаў", — дадала яна. 
 

Ірына Яскевіч нагадала, што 10 ліпеня заканчваецца адведзены заканадаўствам тэрмін для адказу ўрада на зварот віцебскіх ІП. Прадпрымальнікі прасілі Савет міністраў разабрацца ў гэтай сітуацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН