Было 40 м² — далі 18. Жыхары «аварыйных» дамоў у Магілёве ідуць у суд

Жыхары пяці дамоў па вуліцы Заслонава і Будаўнікоў у Магілёве судзяцца за права жыць у сваіх дамах, якія нечакана сталі «аварыйнымі». Улады вырашылі на іх месцы пракласці дарогу.

uf8cotj6h68.jpg


Дамы будаваліся ў пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя як жылыя, і ўвесь час такімі былі. Але 10 гадоў таму без ведама жыхароў дамы перавялі ў статус інтэрнатаў. Калі пачалася размова пра перабудову раёну, улады распрацавалі планы дамы знесці, а на іх месцы пракласці дарогу.
10 кастрычніка суд Ленінскага раёну пастанавіў выселіць Сяргей Кандрашова і ягоную сям’ю. У доме 29 па вуліцы Заслонава сямʼя Кандрашовых пражыла сем гадоў. Ранейшая прычына высялення – «страта працоўнай сувязі з наймальнікам». Цяпер — «аварыйны стан жытла». Хаця, паводле дакументаў, тры гады таму дом быў на рэканструкцыі. А два гады таму незалежная экспертыза пацвердзіла, што будынак прыдатны да жылля.
Жыхары дамоў даводзяць у судах, што інтэрнатамі іхныя дамы прызналі незаконна, а дакументы сфальсіфікавалі. Людзі накіравалі зварот у пракуратуру аб падлогу дакументаў па статусе дамоў, аднак ужо 7 месяцаў няма ніякага адказу.
Жыхары вуліц Заслонава і Будаўнікоў у Магілёве вядуць суды, на якіх абскарджваюць рашэнне па высяленню, а таксама суды, на якіх пытаюцца даказаць, што маюць права атрымаць кватэры. Зараз яны збіраюцца падаваць позву ў суд, каб абскардзіць аварыйна-небяспечны статус будынку.


Паводле Белсат