Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Зміцера Паліенкі
Шэраг праваабарончых арганізацый выступілі з заявай, у якой патрабуюць неадкладнага вызвалення палітычнага вязня Зміцера Паліенкі.
Мінск, 14 красавіка 2017 г.
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Падставай для крымінальнага пераследу Зміцера Паліенкі стаў ягоны ўдзел у мірнай акцыі раварыстаў “Крытычная маса”, якая адбылася 29 красавіка 2016 г. Акцыя была гвалтоўна, з прымяненнем непрапарцыйнай сілы, спыненая супрацоўнікамі міліцыі. У выніку шасцёра ўдзельнікаў, уключна з Зміцерам Паліенкам, былі затрыманыя.
12 кастрычніка 2016 г. Зміцер Паліенка быў асуджаны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да сурацоўнікаў органаў унутраных справаў) і па частцы 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).
Праваабаронцы ўпэўненыя, што абвінавачванне Зміцера Паліенкі ў дзеяннях гвалтоўнага характару ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас правядзення роварнага прабегу “Крытычна маса”, а таксама ў размяшчэнні З. Паліенкам у сацыяльнай сетцы спасылкі на парнаграфічны ролік не знайшлі свайго пацверджання ў судзе і не былі замацаваныя дастатковымі доказамі (гл. Экспертнае заключэнне па справе Зміцера Паліенкі).
Адзначаючы гэтая акалічнасці і падкрэсліваючы невыкананне дзяржавай пазітыўных абавязальніцтваў па садзейнічанні рэалізацыі правоў на мірныя сходы і свабоднае выказванне меркаванняў, абароне ўдзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцы прыйшлі да высновы: асуджэнне Зміцера Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.
7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, і Зміцер Паліенка падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 г.).
З улікам папярэдніх высноваў праваабаронцаў пра палітычна матываваны характар пераследу З. Паліенкі, у сукупнасці з тымі абставінамі, што падставамі для адмены адтэрміноўкі сталі, у тым ліку, прыцягненне яго да адказнасці па артыкуле 23.34. КаАП за рэалізацыю права на мірныя сходы і адвольнае прыцягненне да адказнасці па артыкуле 17.1 КаАП,
мы заяўляем:
Пазбаўленне волі Зміцера Паліенкі дазваляе кваліфікаваць сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага.
Патрабуем ад уладаў Беларусі яго неадкладнага вызвалення.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"
РГА "Прававая ініцыятыва"
Паводле spring96.org