«Былі не згодныя з УНС, які мае адбыцца»: як судзяць затрыманых у нядзелю на праспекце Незалежнасці

"Хапун" ў цэнтры Мінска 31 студзеня супрацоўнікі даказваюць скрыншотамі ў матэрыялах справы затрыманых — "заклікаў ва ўдзеле рэпітыцыйнага маршу перад УНС", а таксама паказаннямі сведак-міліцыянтаў, якія блытаюцца і не могуць апісаць месцы затрыманняў, саміх затрыманых і сутнасць правапарушэння, паведамляе тэлеграм-канал Вясна назірае.


Сёстры Таццяна і Вераніка Чыберкус днём 31 студзеня сустрэліся, каб пагуляць і наведаць гастрафэст у цэнтры Мінска. Але сілавікі вырашылі іх замест кавярні адвезці на Акрэсціна. Іх затрымалі каля гасцініцы "Мінск". Таццяне яшчэ ў РУУС адмовілі ў праве на абарону і не выклікалі ёй адваката.
Дзяўчат вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным маршы з лозунгамі "Жыве Беларусь" уздоўж праспекта Незалежнасці, згодна з гэтым на іх склалі пратаколы па ч.1 арт. 23.34 КаАП.
На судовым паседжанні ў Веранікі сведка-міліцыянт выказаў здагадку, што сёстры "былі не згодныя з Усебеларускім народным сходам, які мусіць адбыцца". Чаму менавіта такую выснову зрабіў сведка — застаецца толькі гадаць. Сёстры сваю віну па арт. 23.34 КаАП не прызнаюць.
У выніку, суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк адправіў справы сясцёр Чыберкус на дапрацоўку.