«Больш не пайду працаваць на канторы з СНД». Як айцішніцы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй
Тэлеграм-канал Dzik прывёў дзве гісторыі дыскрымінацыі на працы, якія перажылі айцішніцы, каб нагадаць: абстаноўка з гендарнай роўнасцю нават у высокатэхналагічных кампаніях далёкая ад ідэалу.
Гісторыя 1. «Доўга думала, што гэта са мной нешта не так»
«У мяне была агідная атмасфера на першым месцы працы, яшчэ ў Беларусі. Цімлід (з жонкай і дзецьмі, у бацькі мне падыходзіў) незаўважна так да мяне дамагаўся. Калі я задавала пытанне, ён падыходзіў паглядзець код і абапіраўся рукой на маё крэсла так, каб дакрануцца да сцягна. Я адсоўвалася, калі яшчэ думала, што ён проста на стол абапіраецца, а ён зноў прысоўваў руку. Дазваляў сабе жарты ў мой адрас тыпу «будзем з вамі займацца віртам... віртуальным праграмаваннем». Скідваў мне нейкія вельмі эратычныя фота касплэяў. Ды і наогул ставіўся да мяне неяк зневажальна: я нешта прапаную, а ён кажа, што гэта не працуе-і адразу прапануе тое ж самае, але іншымі словамі.
Спачатку не ўяўляла, што адбываецца. Доўга думала, што гэта са мной нешта не так. Потым не ведала, што з гэтым рабіць: я была на размеркаванні (гэта не дзяржкампанія) і так проста сысці не магла.
Наступнае месца працы адразу шукала на выдалёнцы(канец размеркавання прыйшоўся на ковід). Гэта была расійская кампанія, амаль усе хлопцы з Расіі і Украіны — і ўсё было адэкватна. Лід падтрымліваў, дапамагаў з пытаннямі па новым для мяне фрэймворку. Здаецца, тады я нарэшце ўсвядоміла, што праблема была не ўва мне.
Цяпер я б такое цярпець не стала: пайшла б да эйчараў, а калі б яны не адрэагавалі, стала б шукаць новую працу для пераразмеркавання».
Гісторыя 2. «Калі ты прыйшла на міт не паржаць, а разабраць праблемы — значыць, у цябе пастаянны ПМС»
«Мой досвед такі, што больш я ні за што не пайду працаваць на геймдзеў-канторы з СНД. Вельмі шкадую, што кучу грошай давялося аддаць псіхатэрапеўту, і я не магу іх адсудзіць, як у ЗША.
Працавала ў вельмі вядомай і вельмі багатай геймдзеў-кампаніі ў Мінску. У нашым аддзеле сапорта працавалі ўсяго чатыры чалавекі, усе дзяўчаты. А потым да нас прыйшоў хлопец адразу пасля ўнівера, якому сталі вельмі часта павышаць зарплату. Да гэтага ў нас павышэнне было раз у год — і тое, калі дакажаш, што заслужыў гэтыя 50-100 баксаў. У мяне ўжо было два гады досведу, а нашы заробкі з ім на той момант зраўняліся і склалі 1000. Высветлілася, што начальніца аддзела шчыра лічыла, што яму трэба плаціць больш, бо ён хлопец і «спакойна можа сысці кудысьці на лепшы заробак».
Палітыка вышэйшага кіраўніцтва была такой: «Мы любім наймаць дзяўчат, таму што ім можна недаплачваць са старту, а потым па ледзь-ледзь павышаць зарплату — і яны будуць бязмерна ўдзячныя і лаяльныя». Пасля такіх цытат павагі да оўнераў і менеджараў быць проста не можа.
Затым гэтаму пачаткоўцу прапанавалі перайсці ў іншы аддзел, таму што трэба будзе на канферэнцыі ездзіць, а ён можа піць і ніколі не зацяжарыць. Яго пераход у іншы аддзел суправаджаўся абмеркаваннем, што хлопцу патрэбная «больш высокая столь заробку, а ў сапорта яны нізкія».
Незадоўга да гэтага я адкрыта цікавілася пераходам у той жа аддзел, але мне сказалі, што не выпусцяць з гэтага (калі звальнялася — ужо прапаноўвалі стварыць свой уласны аддзел).
Здаецца, дзічэлы харасмент на карпаратывах і пастаянныя сальныя жарты ад вышэйшага кіраўніцтва перыядычна атрымлівалі ўсе работніцы кампаніі.
Напрыклад, маю калегу наогул не хацелі ўспрымаць на
мітынгах (яна вельмі разумная) і казалі толькі пра яе вялікія грудзі. Калі ты
прыйшла на мітынг не паржаць, а сур'ёзна разабраць праблемы — значыць, «у цябе
пастаянны ПМС». У курылках яны ўвесь час разбіралі, хто набраў вагу, хто
скінуў, хто развёўся ці хто на кім жанаты (а-ля «ой, што за страшны муж у яе,
як яна за такога выйшла»)».