11 тысяч стужачак з беларускім арнаментам раздалі валанцёры на вуліцах Мінска
Больш за 11 тысяч стужачак з беларускім арнаментам раздалі 6 снежня прахожым на вуліцах Мінска валанцёры падчас акцыі "Пазнай сябе беларусам", якую арганізавала аб'яднанне "Арт Сядзіба".
Каля 100 валанцёраў больш як у двух дзясятках ажыўленых кропак сталіцы раздалі да пяці тысяч метраў арнаментальнай стужкі. Як паведамляюць удзельнікі акцыі, большасць людзей, незалежна ад іх
узросту, пазітыўна ўспрынялі акцыю, з задавальненнем бралі стужачкі і прымацоўвалі іх на адзенне, на сумкі, машыны і г.д.
Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН адзін з удзельнікаў акцыі Франак Вячорка, было вельмі прыемна бачыць, як людзі рознага ўзросту — дзеці, моладзь, пажылыя — станоўча рэагавалі
на стужачкі з беларускім арнаментам.
Акцыя была азмрочана інцыдэнтам у раёне сталічнага Камароўскага рынку, дзе падчас раздачы стужачак затрымалі дырэктара "Арт Сядзібы" Паўла Белавуса, грамадскага актывіста і журналіста
Франака Вячорку, а таксама фатографа Уладзіміра Грыдзіна. Яны былі затрыманы апоўдні, калі каля іх сабралася занадта шмат людзей, якія пажадалі атрымаць стужачкі з арнаментам. Міліцыянеры сказалі,
што ім патэлефанавалі і паведамілі аб правядзенні акцыі.
У аддзяленні міліцыі Савецкага РУУС ва ўдзельнікаў акцыі ўзялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі. Пратаколы ў дачыненні да іх не складаліся. Каля 30 стужачак з арнаментам засталіся ў
міліцыі.
Арганізатары маюць намер і далей праводзіць такія акцыі.
Андрэй Серада, БелаПАН