Беларускія праваабаронцы: “Украінцы разумеюць, што лепшы сродак абароны дзяржавы — мова і культура”

Падчас візіту ў Львоў праваабаронцы з Брэста распавялі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама аб актуальных праблемах, звязаных з заняпадам беларускай мовы. Шэраг мерапрыемстваў быў зладжаны ў Музеі-мемарыяле ахвяр акупацыйных рэжымаў “Турма на Ланскога”.



misia_lvov_bibliotekao.jpg

Удзельнікі Місіі падчас выступу на "жывой бібліятэцы" у Львове. Фота: spring96.org

Беларускія праваабаронцы прынялі ўдзел у “жывой бібліятэцы”, падчас якой наведвальнікі маглі атрымаць інфармацыю пра тое, якім чынам ажыццяўляецца праваабарончая дзейнасць у Беларусі і з якімі праблемамі сутыкаецца беларускае грамадства.

Апроч праблем у рэчышчы грамадзянскіх і палітычных правоў, моўнае пытанне застаецца ў спісе самых актуальных для Беларусі. Украінскі досвед у гэтым плане можа быць вельмі паказальным. Нам варта браць прыклад з нашых суседзяў, якія даўно ўсведамляюць, што лепшы сродак абароны дзяржавы — мова і культура. Гэта адна з тэм, на якой нам варта сканцэнтравацца ў супрацоўніцтве з украінскімі калегамі”, —  распавёў удзельнік місіі Уладзімір Вялічкін.

spring96.org__files_images_mi_d79b3bb4a04b0e5788992d6ffe1ff60a.jpeg

Удзельнікі Місіі падчас выступу на "жывой бібліятэцы" у Львове. Фота: spring96.org

Праваабаронцы адзначылі вялікую цікаўнасць з боку мясцовых жыхароў да праблем беларускага грамадства.

Таксама берасцейцы наведалі фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека “Docudays UA”. Быў зладжаны семінар “Мастацкія сродкі кіно як інструмент развіцця крытычнага мыслення і процідзеяння маніпуляванню свядомасцю”, які праводзіла Алена Куцэнка, кіраўнік Крымскай філіі Асацыяцыі дзеячаў кінаадукацыі і медыяпедагогікі. Падчас семінару была абмеркавана неабходнасць фармавання крытычнага мыслення пры атрыманні інфармацыі з розных крыніц медыя. Усе мерапрыемствы праходзілі пры падтрымцы Цэнтра грамадскіх і палітычных даследаванняў “СІМ”, з якім супрацоўнічаюць беларускія праваабаронцы.

Нагадаем, другі візіт берасцейскіх праваабаронцаў у Львоў быў зладжаны ў межах Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне. Мэта гэтага візіту — пашырэнне стасункаў, абмен досведам паміж беларускімі і ўкраінскімі праваабарончымі арганізацыямі і распрацоўка далейшых сумесных праектаў.


spring96.org