Беларусь і Расія пакуль не дамовіліся па ўмовах стварэння альянсу МАЗа і КАМАЗа

Беларусь і Расія пакуль не змаглі дамовіцца па ўмовах стварэння альянсу МАЗа і КАМАЗа, паведаміў 21 мая першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанні журналістаў у Мінску.



maz_kamaz_245.jpg

"Рабочая група па гэтым пытанні паўтара тыдня збіралася і пакуль да якой-небудзь згоды не прыйшла. Гэта тэма будзе зноў абмяркоўвацца 23 мая ў Санкт-Пецярбургу", — сказаў ён. 


Паводле слоў Сямашкі, існуюць разыходжанні, якія не дазваляюць бакам дасягнуць кампрамісу адносна паўнамоцтваў кіраўніцтва кіруючай кампаніі. 


"Беларускі бок зыходзіць з таго, што можна ў межах холдынгу, якому перадаецца ўпраўленне МАЗам і КАМАЗам, вырашыць гэтыя пытанні", — сказаў першы віцэ-прэм'ер. Расійскі бок, паводле яго слоў, лічыць, што ствараць кіруючую кампанію без перадачы ёй акцый двух прадпрыемстваў немагчыма. "Расійскі бок гатовы да стварэння холдынгу толькі тады, калі ва ўласнасць гэтай кампаніі будуць перададзены акцыі МАЗа і КАМАЗа", — растлумачыў Сямашка. 


Нагадаем, у пачатку 2013 года Беларусь і Расія вызначылі пяць праектаў у прамысловай сферы, у межах якіх планавалася стварыць сумесныя беларуска-расійскія прадпрыемствы. Меркавалася, што СП будуць створаныя з удзелам "Мінскага завода колавых цягачоў" і арганізацый абаронна-прамысловага комплексу Расіі; беларускага "МАЗа" і расійскага "КАМАЗа"; арганізацый Раскосмосу і беларускага "Пеленга"; ААТ "Гродна Азот" і расійскага ААТ "МХК "Еўрахім"; беларускага ААТ "Інтэграл" і ААТ "Расійская электроніка". Да гэтага часу ніводзін з пералічаных вышэй праектаў не рэалізаваны.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН