Бязвізавы рэжым з Ізраілем для Беларусі ўжо не прадбачыцца?
Намеснікі міністраў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Ізраіля падчас апошняй сустрэчы не абмяркоўвалі пытанне ўвядзення бязвізавага рэжыму паміж дзяржавамі.
Нагадаем, Беларусь ратыфікавала пагадненне аб адмене віз з Ізраілем. У пачатку года пагадненне аб узаемнай адмене віз было апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
На гэтым тыдні ў МЗС Беларусі адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Валянціна Рыбакова з намеснікам Генеральнага дырэктара Міністэрства замежных спраў Дзяржавы Ізраіль Цві Раў-Нярома, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
У ходзе гутаркі бакі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, абмяняліся меркаваннямі пра сітуацыю ў сваіх рэгіёнах, а таксама намецілі перспектывы далейшага развіцця беларуска-ізраільскіх адносін.
У пачатку чэрвеня адбылася сустрэча пасла Беларусі ў Ізраілі Уладзіміра Скварцова з дырэктарам трэцяга эканамічнага дэпартамента МЗС гэтай дзяржавы Эдуардам Шапіра.
Як паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС, "бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія датычацца актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння па лініі дзяржаўных структур у знешнегандлёвай і інвестыцыйнай сферах".
Пытанне аб увядзенні бязвізавага рэжыму, так і не ратыфікаванага ізраільскім бокам, таксама, відавочна, не абмяркоўвалася.
Калі будзе ўведзены бязвізавы рэжым, беларусы змогуць ездзіць без візы ў Ізраіль і знаходзіцца там тэрмінам да 90 дзён на працягу паўгода, роўна як і грамадзяне Ізраіля ў Беларусі. Новаўвядзенні закрануць толькі ўладальнікаў грамадзянскіх пашпартоў, але не службовых і дыпламатычных. Тым жа, хто едзе ў Ізраіль на большы тэрмін або плануе застацца там на працу, прыйдзецца атрымліваць візу. Кожная краіна мае права адмовіць ва ўездзе асобам, чыё знаходжанне лiчыць непажаданым, ці скараціць іх тэрмін знаходжання.
У цяперашні час у Ізраілі пражывае каля 120 тысяч выхадцаў з Беларусі, а ў Беларусі — каля 30 тысяч габрэяў (па дадзеных Габрэйскага агенцтва "Сахнут" ад 50 да 60 тысяч).