Без цябе народ няпоўны

Сёлетні «Чарнобыльскі шлях» — надзіва нешматлюдны, надзіва стандартны, надзіва сумны. І, да таго ж, большасць апазіцыйных лідараў яго праігнаравалі, што ўвогуле вельмі дзіўна. Як гэта: не з'явіцца на традыцыйнае шэсце?



Падаецца, упершыню на маёй памяці колькасць удзельнікаў шэсця, падлічаных з боку міліцыі і з боку журналістаў, прыблізна супала. Па ацэнках прэсы, у акцыі прыняло ўдзел каля 500 чалавек. Па дадзеных міліцыі, напачатку шэсця на вуліцы Сурганава было 330 чалавек, каля ўніверсама «Рыга» — прыблізна на палове маршруту — колькасць дэманстрантаў павялічылася да 400 чалавек, а напрыканцы шэсця каля Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай — ізноўку 300–310.

Адкуль у нас такія падрабязныя дадзеныя міліцыянераў? Ім проста трэба сцішваць рацыі. Гэтым разам міліцэйскую сувязь можна было пачуць ледзьве не за 50 метраў. А можа, гэтым разам дэманстранты папросту вельмі ціха выгукалі свае лозунгі…

perehod1_2_logo.jpg

«Абыякавасць да жыцця і схільнасць да самагубства», — гэтая класічная прыказка сёлета як надзіва пасавала паводзінам беларускіх дэмакратаў. Між іншым, менавіта зараз «абыякавасць да жыцця», абыякавасць да «Чарнобыльскага шляху» амаль роўная «схільнасці да самагубства». На «Шлях» з’явіліся поўным складам арганізатары: Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец з БХД, Дзмітрый Кучук ад «Зялёных», Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч ад БНФ. Ды Алесь Лагвінец з Юрасём Губарэвічам з Руху «За свабоду». Астатнія лідары беларускіх дэмакратычных партый некуды падзеліся. Традыцыйную акцыю апазіцыі яны праігнаравалі.

 

Хай сабе Някляеў выйшаў з апазіцыі. А астатнія? На шэсці не было сцягоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, — а, між іншым, лідар АГП Анатоль Лябедзька збіраецца стаць прэзідэнтам. Яго чарнобыльскія праблемы не хвалююць? Сцягоў «Гавары праўду» таксама не заўважана — ці з сыходам Някляева гэтая структура перастала існаваць? Між іншым, з праўды пра Чарнобыль пачалася дэмакратызацыя Беларусі. Няўжо праўда — не пытанне «Гавары праўду»? А як жа «жанчына — кандыдат у прэзідэнты» Таццяна Караткевіч?

 

Хто б ні прыйшоў пасля Лукашэнкі, яму давядзецца разбірацца з Чарнобылем. І прыйдзецца рабіць гэта доўга-доўга. У будучым годзе споўніцца 30 год аварыі на ЧАЭС. Гэтая аварыя прынесла ў арганізм беларусаў у тым ліку стронцый–90, які, як вядома, у костках замяшчае кальцый. І 30 год — гэта перыяд паўраспаду гэтага самага стронцыю-90. Як ён будзе распадацца ў арганізме чалавека, што будзе з гэтым чалавекам, як і чым у выніку будзе хварэць ледзьве не паўкраіны?

 

Перыяд паўраспаду другога «асноўнага прадукту» Чарнобыля — цэзію-137 —таксама 30 год. Так што хутка ў арганізмах беларусаў пачнецца ядзерная рэакцыя — перараджэнне назапашаных радыеактыўных элементаў.

 

Хіба гэта тое пытанне, якое можа абмінуць хаця б прэтэндэнт на прэзідэнта? Гэта ж ягоная асноўная будучая праблема?

 

Могуць. Абмінулі. Можа, нездарма сябры міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» выйшлі з крыўднай для тытульнай апазіцыі расцяжкай: «Game over. Вашая гульня скончана»?

mf_logo.jpg

 

Бяздзейнасць, безыніцыятыўнасць, нямогласць і нягегласць апазіцыі зараз адзначаюць нават тыя, хто дзвюма рукамі галасуе за гэтую апазіцыю. «Хутка Рымашэўскі на пенсію выйдзе, мы ж сканаем, а ў краіне нічога не зменіцца!» — даставала Віталя Рымашэўскага сталая жанчына. «Сталая» ва ўсіх сэнсах: і сталая па ўзросце, і рэгулярная ўдзельніца апазіцыйных акцый — я яе бачу амаль на ўсіх мітынгах. Рымашэўскі спрабаваў аджатравацца, што яму на пенсію не хутка, але гэта ў яго не вельмі ўдала атрымлівалася. Сапраўды, калі «ігнорыць» традыцыйныя акцыі ў год выбараў, то што ад цябе, як ад палітыка, застанецца?

 

Дый грамадства да «Чарнобыльскага шляху» гэтым разам ставілася больш індыферэнтна, чым заўсёды. Відавочна, што людзям увогуле не нагадалі пра гадавіну Чарнобылю. Амаль ніхто з мінакоў не лаяўся на шэсце, якое сустракалася на шляху, але толькі адзін сказаў, што «сёння ж «Чарнобыльскі шлях». Астатнія рабілі фоты, сэлфі, нехта абазваў акцыю «Днём волі»… Пра Чарнобыль згадвалі мала.

selfie_sliah_logo.jpg

І нельга не адзначыць, што на гэтай акцыі было мала крэатыву. Раней былі яркія расцяжкі, дадавалі каларыту людзі ў супрацьгазах і масках (паглядзіце на фоты мінулагодняга «Шляху»), дадавалі каларыту анархісты са сваімі барабанамі і бубнамі. Зараз — нічога. Цішыня і спакой.

 

«Без мяне народ няпоўны», — гэтае выслоўе апазіцыйным лідарам варта было б узгадваць не толькі тады, калі яны пратэстуюць супраць якога-небудзь дэкрэта ці ўказа. Гэтую фразу трэба ўзгадваць і тады, калі робіцца нешта такое, што проста вымагае іх прысутнасці. Бо палітыка — палітыкай, рознагалоссі — рознагалоссямі. Палітыкі прыйдуць і сыдуць, а вось Чарнобыль — застанецца. І застанецца (не толькі з намі, але і ў нас — у літаральным сэнсе гэтага слова) назаўсёды. Да канца жыцця.

 

На мітынгу была прынятая рэзалюцыя з патрабаваннямі спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі, раскрыць усю праўду аб наступствах Чарнобыля, спыніць асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый, узнавіць перасяленне людзей з «зоны адсялення», вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія самалёты, здольныя несці ядзерную зброю, правесці дэмакратычныя рэформы і вызваліць усіх палітвязняў.

golos_zar_logo.jpg

Але хто пры такім стаўленні дэмакратаў да акцыі будзе сачыць за выкананне гэтай рэзалюцыі — як гаворыць адзін наш калега, пытаннечка…