Без зялёнай эканомікі Беларусь страціць патэнцыйныя рынкі

У той час, як развітыя краіны пераходзяць на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, Беларусь трывала сядзіць на нафта-газавай ігле, якая ўсё больш аддаляе краіну ад будучыні.

Выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі можа значна спрасціць жыццё беларускай эканоміцы — прынамсі, у будучыні. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі можа значна спрасціць жыццё беларускай эканоміцы — прынамсі, у будучыні. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У ходзе даследавання «Рулявыя зялёнага пераходу» ініцыятывай «Зялёная Беларусь» было праведзена 15 інтэрв'ю з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў: пастаўшчыкамі і спажыўцамі адукацыйных паслуг. Адна з аўтараў даследавання, экспертка ў галіне кліматычнай палітыкі і ўстойлівага развіцця Марыя Фалалеева расказала thinktanks.by пра асноўныя высновы даследавання.

Чаму тэма ўстойлівага развіцця актуальная для Беларусі

Марыя Фалалеева тлумачыць, што цяпер свет знаходзіцца ва ўмовах зялёнага пераходу, калі развітыя дзяржавы і бізнэсы ўсё больш звяртаюць увагу на ўстойлівае развіццё, якое прадугледжвае комплекснае рашэнне экалагічных, сацыяльных і эканамічных задач. І ў апошнія гады гэты працэс паскорыўся. «Старыя мадэлі эканомікі сябе зжылі, і хто першы пераключыцца на новыя рэйкі — а гэта нізкавугляродныя і безвугляродныя вытворчасці, — той і выйграе», — гаворыць экспертка. 


Глядзіце таксама

Пад «старымі мадэлямі» Марыя Фалолеева мае на ўвазе ў першую чаргу мадэль індустрыяльнай эканомікі, якая шмат у чым заснаваная на здабычы і выкарыстанні выкапнёвага паліва — вугалю, нафты, газу. Гэтая мадэль актыўна развіваецца з сярэдзіны XIX стагоддзя, і менавіта яна шмат у чым прывяла да зменаў клімату, якія мы зараз назіраем. Акрамя таго, кажа экспертка, індустрыяльная мадэль прадугледжвае, што магчымасці экасістэм да аднаўлення, а значыць і прыродныя рэсурсы, практычна не абмежаваныя, а значыць вытворчасць нацэлена, у рэшце рэшт, на пахаванне адходаў і пошук новых рэсурсаў. Новая мадэль эканомікі выкарыстоўвае прынцыпы цыклічнай эканомікі, калі адходы максімальна перапрацоўваюцца і ўключаюцца ў новыя вытворчыя цыклы, паколькі прыродныя рэсурсы канчатковыя, а магчымасці экасістэм да падтрымання жыцця небязмежныя.

«Моладзь усё выправіць?»

Беларусь не можа заставацца ў баку ад змен, звязаных з зялёнай эканомікай, таму што мы не жывём у ізаляваным свеце. Нават сёння, ва ўмовах санкцый, наша краіна гандлюе з дзяржавамі, якія падтрымліваюць зялёны пераход, адзначае экспертка. Тут паўстае пытанне: наколькі Беларусь гатовая да зялёнага пераходу, наколькі прамысловасць можа адпавядаць новым стандартам? Марыя Фалалеева тлумачыць, што прамысловасці патрэбныя стымулы на заканадаўчым узроўні, на ўзроўні даследаванняў, на ўзроўні тэхналогій. А для гэтага Беларусі патрэбны спецыялісты на ўсіх узроўнях, якія арыентуюцца ў тэндэнцыях устойлівага развіцця.

«Раней усё рабілі ўпор на адукацыю моладзі ў пытаннях устойлівага развіцця. Гэта, вядома, правільны падыход, але ён стварыў пэўную ілюзію, што аднойчы гэтая адукаваная моладзь вырасце і ўсё выправіць. Цяпер стала зразумела, што гэта так не працуе: па-першае, трэба дзейнічаць вельмі хутка, і ў нас няма часу чакаць, пакуль новае пакаленне падрасце і ўсё зменіць, па-другое, калі даваць маладым людзям веды "як трэба" і не даваць практычных прыкладаў, наўрад ці ў іх будзе стымул нешта рабіць па-іншаму. Таму паўстае пытанне пра тое, што дзейнічаць трэба ўжо цяпер і ствараць не толькі будучых, але і цяперашніх прафесіяналаў», — расказвае Фалалеева.


Глядзіце таксама

У Беларусі няма адукацыі ў сферы ўстойлівага развіцця і зялёнай эканомікі

Галоўная выснова даследавання, на якой акцэнтуе ўвагу Марыя Фалалеева, — гэта тое, што ў Беларусі цяпер няма сістэмнага падыходу да адукацыі ні ў сферы ўстойлівага развіцця, ні ў сферы зялёнай эканомікі.

«Гэтым трэба тэрмінова займацца, таму што цяпер ідзе перабудова эканомікі ва ўсім свеце. І калі Беларусь будзе моцна адставаць, то яна можа страціць патэнцыйныя рынкі, перш за ўсё рынкі развітых краін. У сферы зялёнай эканомікі цягнік ідзе хутка. І калі ў нас не будзе падрыхтаваных кадраў, якія зразумеюць, як працуе гэты цягнік і ў які бок ён ідзе, то цягнік сыдзе без нас. Напрыклад, нават ва ўмовах санкцый Беларусь прадае ўгнаенні ў Еўрапейскі Саюз. А вытворчасць угнаенняў вельмі энергазатратная, а значыць звязаная з вялікім аб'ёмам выкідаў парніковых газаў... Такім чынам, праз некаторы час мы можам страціць гэты рынак, калі наша вытворчасць не будзе адпавядаць экалагічным стандартам ЕС», — кажа экспертка.

Паводле яе слоў, адукацыяй трэба займацца на розных узроўнях з дапамогай розных метадаў. У Беларусі для гэтага ёсць пэўныя напрацоўкі, створана добрая структура дадатковай адукацыі для прафесіяналаў на базе міністэрстваў, цэнтраў павышэння кваліфікацыі. Дадатковая адукацыя можа быць арганізаваная і на базе ўніверсітэтаў.


Глядзіце таксама

Акрамя таго, у шэрагу нацыянальных дакументаў — такіх, як «Нацыянальны план дзеянняў па зялёнай эканоміцы», адзначаецца, што трэба займацца павышэннем кваліфікацыі прафесіяналаў і кіраўнікоў. Аднак канкрэтных планаў і дзеянняў па ўвасабленні гэтых задач на сёння няма. Аператыўна распрацоўваць і ўкараняць новыя курсы на базе універсітэтаў, адаптаваныя пад задачы канкрэтных груп, складана праз адсутнасць стымулаў для выкладчыкаў і залішнюю бюракратызацыю.

Многія пытанні адукацыі ў сферы ўстойлівага развіцця ў Беларусі да нядаўняга часу вырашаліся сіламі міжнародных і грамадскіх арганізацый. Інтэрв'ю з удзельнікамі даследавання паказваюць, што большую частку новай інфармацыі спецыялісты атрымлівалі ў ходзе трэнінгаў або абменаў, арганізаваных міжнароднымі праектамі. Цяпер, калі міжнародных праектаў у Беларусі практычна не засталося, гэты канал закрыўся і ёсць вялікая рызыка, што нават атрыманая раней інфармацыя не будзе выкарыстоўвацца.