«У нас ёсць будучыня, калі мы аб'яднаем намаганні і будзем працаваць разам»

ААН запусціла праграму «NetZero», мэта якой — да 2050 года ў розных краінах дасягнуць балансу ў выкідах парніковых газаў і прынятых супраць іх мер.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Змякчэнне наступстваў змен клімату — адна з «Мэтаў устойлівага развіцця» ААН. Для дасягнення гэтай мэты створаны рух «Абаронім нашу планету» — ініцыятыва, накіраваная на пошук рашэнняў, якія дапамогуць зменшыць наступствы змены клімату, адаптавацца да іх, а таксама абараніць экасістэмы, якім пагражае дысбаланс.

У рамках экалагічнага руху з'явіліся серыя відэа і падкаст «NetZero», у якіх моладзевыя актывісты экалагічнага руху задаюць міжнародным лідарам думкі, якія працуюць у галіне навакольнага асяроддзя, важныя пытанні пра тое, як іх краіны набліжаюцца да ўсталявай ААН планкай «нулявога ўзроўню» да 2050 года.


Нулявы ўзровень (або «чысты нуль») азначае, што выкіды парніковых газаў, якія вырабляюцца краінай, штатам, горадам, кампаніяй ці нават будынкам, ураўнаважваюцца такой жа колькасцю скарочаных выкідаў. Гэта не азначае, што вуглярод або іншыя парніковыя газы наогул не выдзяляюцца. «Чысты нуль» — гэта калі парніковыя газы ўсё яшчэ выкідваюцца, але выкіды кампенсуюцца за кошт некаторых прынятых мер.

Кім Холмэн, старшы дарадцы Нарвежскага палярнага інстытута, гаворыць, што праз глабальнае пацяпленне многія віды жывёл і раслін, у прыватнасці марскія, аказаліся пад пагрозай: «Марскі лёд нашмат танчэй. Многія віды, якія ад яго залежалі, змагаюцца за выжыванне і нават знікаюць. Я думаю, што чысты нуль — гэта сукупнасць кароткатэрміновых і доўгатэрміновых рашэнняў. У нас ёсць будучыня, калі мы аб'яднаем намаганні і будзем працаваць разам».

Нядаўна прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ заявіў, што нарвежскі ўрад абяцае скараціць выкіды на 55% да 2030 года ў параўнанні з узроўнем 1990 года. Яны таксама будуць падтрымліваць інвестыцыі, якія дапамагаюць паступова адмовіцца ад вугалю і іншых выкапнёвых крыніц энергіі.


Навуковыя даныя паказваюць, што для прадухілення найгоршых наступстваў змены клімату і захавання прыдатнай для жыцця планеты глабальнае павышэнне тэмпературы павінна быць абмежавана 1,5°C у параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем. На дадзены момант, паводле звестак ААН, Зямля ўжо прыкладна на 1,1°C цяплей, чым у канцы 1800-х гадоў, а аб'ём выкідаў працягвае расці. Каб утрымаць рост глабальнага пацяплення на ўзроўні не больш за 1,5°C, прадугледжаным у Парыжскім пагадненні, неабходна да 2030 года скараціць аб'ём выкідаў на 45%, а да 2050 года дасягнуць нулявога ўзроўню выкідаў.

На сённяшні дзень больш за 70 краін паставілі на мэце дасягнуць нулявога ўзроўню выкідаў — і гэта прыкладна каля 76% ад глабальнага аб'ёму. Беларусь ратыфікавала Парыжскае пагадненне ў 2016 годзе, а ў 2021-м беларускі ўрад, «улічыўшы эканамічную сітуацыю і магчымасці краіны», паставіў на мэце знізіць да 2030 года выкіды парніковых газаў не менш чым на 40% ад узроўню выкідаў 1990 года — «пры ўмове выкарыстання механізмаў міжнароднага фінансавання для ўкаранення найлепшых даступных тэхналогій па дасягненні скарачэння выкідаў парніковых газаў».


Што праўда, не ясна, як улады збіраюцца дасягаць пастаўленай мэты: кантакты з еўрапейскімі партнёрамі замарожаныя, міжнароднае фінансаванне спынена, а экалагічныя арганізацыя з грамадзянскага сектару, якія прасоўвалі актуальную павестку, ліквідаваныя.