Берасцейцы патрабуюць абараніць іх ад рэкламы тытуню

Больш за 1000 подпісаў з заклікам засцерагчы ад рэкламы тытуню сабрана ў межах кампаніі «За наш горад». Сацыял-дэмакраты, праваабаронцы, прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў і грамадскасці будуць дамагацца забароны і (або) змены шыльды на кіёсках з назвай «Тытунь» і іншымі вытворнымі словамі.

tytun.jpg

У звароце, які падпісалі берасцейцы, адзначаецца недапушчальнасць размяшчэння гандлёвых аб'ектаў «Тытунь», «Тытунёвы свет», «Табакерка» на прыпынках грамадскага транспарту ў непасрэднай блізкасці ад школ, дзіцячых садкоў, устаноў аховы здароўя, культуры і спорту. Даступнасць і дакучлівая рэклама накіраваны на павелічэнне спажывання тытунёвых вырабаў.
Нагадаем, што ў Брэсце і іншых гарадах вобласці на працягу апошніх некалькіх месяцаў у масавым парадку былі адкрыты гандлёвыя аб'екты з назвай «Тытунь» або вытворнымі ад гэтага слова. У той жа час Брэсцкім аблвыканкамам і санітарна-эпідэміялагічнай службай на тэрыторыі Брэсцкай вобласці праводзіцца інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Брэстчына без тытуню!».
«Варта адзначыць, што ініцыятыву падтрымалі як тыя, хто не паляць, так і тыя, хто паліць, матывуючы сваю пазіцыю клопатам пра новае пакаленне. Подпісы, сабраныя пад прапановамі кампаніі «За наш горад», мы накіруем у Міністэрства аховы здароўя, Палату прадстаўнікоў, адміністрацыю прэзідэнта. Мы просім ўнесці (ініцыяваць) змены ў Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2002 г. № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў»; Закон Рэспублікі Беларусь аб 10 мая 2007 года № 225-3 «Аб рэкламе». У прыватнасці забараніць рэкламу і найменне гандлёвых аб'ектаў з назвай «Тытунь» і вытворнымі ад гэтага слова. Мы лічым, што неабходна прывесці заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з рамачнай канвенцыяй СААЗ па барацьбе супраць тытуню», — каментуе патрабаванні адна з ініцыятараў кампаніі Ганна Канюс.
«Практыка рэалізацыі тытунёвай прадукцыі набліжай устаноў адукацыі і аховы здароўя, дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцця і зводзіць на нішто ўсе папярэднія станоўчыя вынікі дзяржавы, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню спажывання тытуню. Сацыял-дэмакраты настойліва рэкамендуюць Брэсцкаму аблвыканкаму на тэрыторыі вобласці ўлічваць інтарэсы грамадзян і палажэнні Канвенцыі СААЗ супраць тытуню пры выдачы ліцэнзій і дазволаў на ўстаноўку гандлёвых аб'ектаў па продажы тытунёвых вырабаў», — каментуе свой удзел старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Паводле прэс-рэліза Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП