«Хто спрабаваў уцячы — збівалі. А паліцыя купленая»...

Жыхар Берасця Міхаіл Трацюк вярнуўся з працоўнага рабства з Расеі, схуднеўшы на 10 кілаграмаў. Замест абяцанага заробку ў 400 даляраў за месяц яго яшчэ і абакралі.

ber.jpg

Пра тое, як ён трапіў у расійскае рабства пад Варонежам і як удалося вызваліцца, Трацюк распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

30-гадовы Міхаіл Трацюк некалькі месяцаў улетку не мог знайсці працу ў Берасці:

«Не было працы проста. Па адукацыі я цырульнік, але даўно не практыкую. Працаваў у асноўным у Берасцейскім тэатры тэхнікам-асвятляльнікам. Але там заробкі былі такія, што нельга было працаваць...

Мая маці ўбачыла на слупе абвестку і кажа, што вось ёсць варыянт з’ездзіць папрацаваць у Расіі. Патэлефанаваў, усё нармальна патлумачылі — 400 даляраў за месяц абяцалі. Сказалі, паедзем у Курскую вобласьць збіраць яблыкі. Ну, я і падумаў, чаму ня з’ездзіць. Да лістапада ім працаўнікі патрабаваліся. Думаю, добра, пяць месяцаў спакойна можна папрацаваць, да Новага году нейкія грошы падзарабіць», — кажа Міхаіл.

Прыехаў — і прымусілі адпрацоўваць за дарогу

Суразмоўца кажа, што чалавек, які іх набіраў на працу ў Расію, — жыхар Камянца. Цяпер ён затрыманы міліцыяй, супраць яго завялі крымінальную справу.

«Сабралі нас цэлы мікрааўтобус і павезлі. Дарога, сказалі, бясплатная. А калі прыехалі ўжо туды, то аказалася, што не ў Курскую вобласць, а ў Варонежскую. І выявілася, што і за дарогу мы вінныя. Таму што калі я ўбачыў, куды прывезлі, то развярнуўся і хацеў сыйсці, а мяне спынілі і сказалі: маўляў, усё, дарагі, грошы адрабляй за дарогу».

Міхаіл кажа, што пасялілі іх у былой калгаснай лазні ў вёсцы Данкава Кашырскага раёну Варонежскай вобласьці. У памяшканнях стаялі двухпавярховыя ложкі, умовы побыту — самыя мінімальныя. Напачатку, кажа Міхаіл, не было электрыкі. Нават газу не было, каб гатаваць есці на пліце ці пагрэць ваду. Варылі на вуліцы на дровах. Толькі потым прывезлі балон з газам.

 

ber2.jpg

Былая калгасная лазня ў вёсцы Данкава, дзе прымусова ўтрымлівалі беларусаў

«Абяцалі нармальнае пражыванне, нармальнае харчаванне. Але аказалася, што прыязджалі з поля а 23-й гадзіне, амаль ня еўшы цэлы дзень, хіба якую талерку гароху ў абед. А прыязджаеш з працы — табе кажуць, маўляў, на, „Ролтан“ завары ды паеж... Раніцай — кавалак хлеба з маргарынам, гарбата, ды паехаў...

Было там каля 30 чалавек агулам, калі мы прыехалі. Гэта ў адным толькі доме. А быў яшчэ другі дом, дзе людзі жылі. Большасьць беларусаў былі берасцейцамі, два чалавекі з Кобрына, адзін з Жабінкі», — кажа Міхаіл.

Хлопец распавёў, што былі там і жанчыны. Яны найбольш пакутавалі, што не было як падтрымліваць гігіену:

«Ваду ў бочцы прывозілі. Каб нармальна памыцца, яны грэлі ваду на агні і ішлі з бутэлькі паліваць адна адну. Недалёка была рака. Спачатку не дазвалялі туды хадзіць, увогуле забаранялі выходзіць у вёску. А потым дазволілі хадзіць у раку мыцца. Калі некаму былі патрэбныя лекі — то не дачакаешся. Жанчыны ніякіх сродкаў гігіены не маглі дапрасіцца», — кажа Міхаіл.

Хто спрабаваў уцячы — збівалі, а паліцыя ніяк не рэагавала

Міхаіл распавёў, што ўцячы з рабства было амаль немагчыма:

«Маладых нас там было некалькі чалавек, асноўная колькасьць — людзі ва ўзросце, якія выпіць любяць. Кожны дзень некага білі. Калі спрабаваў нехта ўцячы, то вярталі ды збівалі. Проста на трасе лавілі чалавека ды назад прывозілі. Там кругом палі, лясоў няма, няма дзе і схавацца. Многія, хто ўцякаў, ішлі лавіць аўтаспынам машыну на бліжэйшай аўтазапраўцы на трасе, то іх там і лавілі.

Адзін з працаўнікоў выклікаў паліцыю. Яны прыехалі, паслухалі, павіталіся з галоўнымі і з’ехалі. Яны іх ведалі. Другі раз выклікалі, і тое самае — паліцыя прыехала і з’ехала. А нам гаспадары сказалі, што калі яшчэ раз выклічам, то, маўляў, яны самі вас і пакараюць. Паліцыя там купленая, гэта сто працэнтаў.

ber3.jpg

Умовы побыту — двухпавярховыя нары ды голыя дошкі

Учора я атрымаў інфармацыю, што адзін з тых, хто нас утрымліваў — сын нейкага сілавіка ці нейкага палкоўніка на пенсіі. Відаць, таму ў іх там усё і „схоплена“, як кажуць» — сказаў Міхаіл.

Міхаіл Трацюк кажа, што пашпарты ў вымушаных працаўнікоў хацелі спачатку «ўзяць, каб зрабіць копіі», але людзі не далі.

«А вось сім-картак у нас не было, адабралі. Была адна сытуацыя, калі ноччу ўваліліся ў нашы баракі, пачалі збіваць усіх, хто пад руку папаўся. І тады ва ўсіх адабралі сім-карты. Таму звязацца не было магчымасці», — кажа берасцеец.

«Я за месяц і тыдзень 10 кілаграмаў скінуў»

«Тыя людзі, што ўтрымлівалі нас, — малдаване ды цыганы ў асноўным. Кармілі абяцанкамі, што будзе дамова, усё падпішам. А аказалася — загналі на поле, і да захаду сонца... Бульбу збіралі, буракі, моркву... Палі вялікія — морквы недзе 40 гектараў было. Працы было вельмі шмат, фізічна вымотваліся. Я за месяц і тыдзень 10 кіляграмаў скінуў. Працаваць даводзілася і па 14, і па 17 нават гадзін. Гарачыня стаяла пад 40 градусаў. Людзі часам у непрытомнасьці падалі, іх толькі адносілі ў цянёк.

Нас, маладых, ставілі на пагрузку ўвесь час. Цэлы дзень на спякоце грузілі ў фуры мяшкі. Грузілі і начамі ў святле фар. Увесь час працуеш, і толькі чуеш, як стаяць над табой і крычаць, каб хутчэй. А куды хутчэй, калі людзі як коні штодня працуюць, адкуль сілы набрацца?» — кажа Міхаіл пра ўмовы працы ў рабстве.

ber4.jpg

«Яны, выходзіць, займаліся субпадрадам людзей. Там у ваколіцах былі фермэры, якім патрэбныя былі працаўнікі на поле бульбы, ці морквы, напрыклад. Яны тэлефануюць гэтым людзям, што нас утрымлівалі, і тыя вязуць нас на палі», — кажа Міхаіл пра сваіх «працадаўцаў».

Міхаіл кажа, што «гаспадары» абкрадалі многіх працаўнікоў:

«Рэчы пакідаеш, з’язджаеш у поле, а потым бачыш, што нехта лазіў. Амаль ва ўсіх нешта прападала. У мяне планшэт скралі і палатку, якую я ўзяў з сабой — думаў, пасьля заробкаў некуды на адпачынак з’езджу».

Уцёкі, як у крымінальных фільмах

Міхал Трацюк кажа, што ўцячы яму ўдалося дзякуючы сябру-дальнабойніку:

«Аднойчы прывезлі новых людзей, і ў іх яшчэ не паспелі адабраць тэлефоны. Я папрасіў тэлефон і патэлефанаваў сябру свайму, Дзмітрыю Дзеркачу зь Берасця. Ён якраз па працы на фуры ехаў у Краснадар. І якраз вёска Данкова была каля 6 кіламэтраў ад трасы, па якой ён павінен быў ехаць. Мы з ім дамовіліся, што ён уначы падʼедзе па мяне. І я ўначы, ціхенька, з заплечнікам уцёк адтуль.

Сябар зняў прычэп сваёй фуры на запраўцы і ўначы, як і дамаўляліся, прыехаў па мяне на дарогу. Забраў, паехалі на тую запраўку чапляць прычэп, а ён і кажа — маўляў, давай тут пераначуем. Я кажу, не, давай уцякаць адсюль хутчэй. І з ім я даехаў дадому», — кажа Міхаіл, не хаваючы ўдзячнасці сябру за вызваленне.

ber5.jpg

«На наступны дзень, як я вярнуўся ў Берасце, мне сябар параіў звярнуцца ў арганізацыю „Клуб дзелавых жанчын“, якая якраз займаецца праблемамі гандлю людзьмі. Цяпер дзякуючы гэтай арганізацыі мяне накіравалі бясплатна вучыцца ў аўташколу і дапамаглі з працай — на філіял „Пінскдрэва“ ўладкавалі. Дапамаглі і матэрыяльна.

У Берасці напісаў заяву ў міліцыю, і не я адзін, а ўсе, хто змог вярнуцца. Завялі крымінальную справу супраць таго чалавека, што нас вербаваў», — кажа Міхаіл.

Міхаіл Трацюк кажа, што раней ужо бываў на заробках у Расіі — адміністратарам у рэстаране ў Якуціі. Але тады ўсё абышлося добра, шчасліва вярнуўся дахаты. Цяпер жа не ведае, ці паехаў бы на заробкі. Не ўпэўнены ў людзях, якія туды клічуць:

«Я ўвогуле не ўяўляў, што можна ў такое рабства трапіць. Каб у Расіі, у Варонежскай вобласці, малдаване запалохвалі беларусаў вось так... Жах нейкі. Дагэтуль сплю дрэнна, жахі сняцца ўсялякія».

Жыхар Камянца пераправіў у Расею каля 50 беларусаў

Як распавёў «Брестской газете» начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка, берасцейская міліцыя затрымала жыхара Камянца 1983 году нараджэння, якія вербаваў людзей з Берасцейшчыны «на заробкі» ў Расію. Пры ператрусе ў яго знайшлі запіскі, з якіх выявілася, што ён накіраваў у Расію каля 50 чалавек. Частка з іх вярнуліся, а некаторыя, мабыць, яшчэ ў Расеі.

У дачыненні да жыхара Камянца распачатая крымінальная справа паводле артыкула 187 Крымінальнага кодэксу — незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзянаў за мяжой.

Паводле Берасцейскага ўпраўлення ўнутраных спраў, беларуская міліцыя сумесна з расійскай паліцыяй высвятляе асобы людзей, якія засталіся ў лагеры ў вёсцы Данкава Кашырскага раёну Варонежскай вобласці.

 Паводле Радыё Свабода