Беларусы ствараюць базу паслуг для беларускамоўных

Блогер Эдуард Пальчыс звярнуўся да сяброў у Фэйсбуку з пытаннем: хто з нацыянальна арыентаваных беларусаў займаецца бізнесам? Допіс выклікаў цікавасць аўдыторыі. Аказалася, што падобная база кантактаў, дзе беларускамоўныя людзі могуць знайсці або прапанаваць працу, тавар ці паслугі, ужо існуе.

Фота з сайта lstr.by

Фота з сайта lstr.by

— Калі мне будзе патрэбна мэбля — я пайду да «Цесляроў» Дашкевіча. Калі захачу пастрыгчыся – то да Паўла Вінаградава. Калі апрануцца – то ў LSTR, Symbal, Honаr, Krasa і г.д. Калі спатрэбіцца мыла — то да Ганны Дундуковой. Калі ўпрыгожанні, то да нявесты Міраслава Лазоўскага — Святланы Верабей.
А ў астатніх сферах рухаў тавараў і паслуг? Хочацца стварыць новую культуру перамяшчэння грошай, дзе яны будуць трапляць у патрэбныя рукі, — прапануе Эдуард Пальчыс. — Хто яшчэ са змагароў і нацыянальна-арыентаваных беларусаў чым займаецца? Дзе можна паесці, заняцца спортам, з’ездзіць у адпачынак і г.д.?
З каментароў да гэтага допісу можна стварыць дошку аб’яў, дзе беларускамоўныя беларусы прапаноўваюць свае паслугі — ад рамонту мабільнікаў і ноўтбукаў да аўтасервісу і вытворчасці гадзіннікаў. Беларускамоўныя і нацыянальна-арыентаваныя электрыкі і плітачнікі таксама не рэдкасць. Ёсць салоны прыгажосці, юрыдычныя паслугі, архітэктары і будаўнікі, а таксама псіхіятрычна-наркалагічная дапамога. Ёсць людзі, якія пякуць хлеб і торцікі, прадаюць яйкі з фермы і займаюцца рэпетытарствам.
— Гляджу, уся краіна ў спісе, — жартуюць людзі ў каментарах.
 — У планах — скласці спіс, якой працай займаюцца родныя затрыманных па „справе патрыётаў”, — падзялілася Ганна Дундукова. Таксама высветілася, што існуе база кантактаў, дзе беларускамоўныя людзі могуць знайсці або прапанаваць працу, тавар ці паслугі.

gazetaby.com