Беларускія палітвязні — зніклыя з прасторы, але не зніклыя з памяці

Рэжым ізалюе палітычных зняволеных і катуе іх сваякоў адсутнасцю інфармацыі і фэйкамі пра смерць — відавочна, маючы на мэце «зламаць» сваіх апанентаў. Але, гледзячы па ўсім, гэта ў яго не атрымліваецца.

Самых вядомых палітвязняў рэжым трымае ў ізаляцыі. Калаж «НЧ»

Самых вядомых палітвязняў рэжым трымае ў ізаляцыі. Калаж «НЧ»

Амаль паўгода палітзняволеная Марыя Калеснікава схаваная ад усяго свету. Арыштаваная ў верасні 2020 года актывістка беларускай апазіцыі ўтрымліваецца ў поўнай ізаляцыі ў турме з лютага мінулага года, без тэлефонных званкоў або лістоў, без наведванняў сваякоў або яе адваката.

«Я чакаю навін кожны дзень... Мы нават не ведаем, ці жывая яна насамрэч, — сказала «Бі-бі-сі» сястра Марыі Таццяна Хоміч. — Я проста спадзяюся, што гэта яе не зламае, але, вядома, у рэшце рэшт, турма ўплывае на свядомасць любога чалавека. Гэта можна разглядаць як катаванні».

Улады Беларусі працягваюць высочваць і затрымліваць тых, хто ўдзельнічаў у масавых пратэстах тры гады таму, яны таксама цяпер утрымліваюць самых вядомых палітычных зняволеных «без сувязі са знешнім светам».

Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка таксама зніклі з турэмнай сістэмы, як і іншыя ключавыя фігуры апазіцыі, якія адбываюць працяглыя тэрміны зняволення. У 2020 годзе абодва мужчыны паспрабавалі балатавацца на пасаду прэзідэнта супраць Аляксандра Лукашэнкі, але былі арыштаваныя.

«Я думаю, яны хочуць зламаць іх маральна, — так Таццяна тлумачыць цяперашнюю ізаляцыю такіх вядомых палітзняволеных, як яе сястра. — Яны бачаць, што яны ўсё яшчэ маюць аптымізм і вельмі моцныя, і яны хочуць змяніць гэтае мысленне».

Марыя Калеснікава была адной з трох жанчын, якія з'ядналі натоўп на агульнанацыянальных пратэстах падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Рэакцыя была не падобная ні на што іншае, што Беларусь калі-небудзь бачыла. Пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання скончыліся масавымі арыштамі, збіццём і катаваннямі — усё гэта старанна задакументавана, але па-ранейшаму катэгарычна адмаўляецца афіцыйнымі асобамі.


Глядзіце таксама

Марыя вылучалася не толькі сваёй кароткай светлай фрызурай і ярка-чырвонымі вуснамі, але і пастаяннай усмешкай і пазітыўным настроем. Менавіта з гэтым настроем  яна разрывала свой пашпарт, калі ўлады паспрабавалі яе дэпартаваць — і праз гэта Марыю арыштавалі.

Апошнім, што Таццяна атрымала ад сваёй сястры, была паштоўка з турмы, датаваная 2 лютага 2023 года. Марыя пісала пра тугу па старых, свабодных днях, калі яна піла шмат кавы і абмяркоўвала новыя праекты з сябрамі. Але яна намалявала смайлік і сэрцайка, запэўніўшы Таццяну, што з ёй «усё ў парадку», яе настрой «больш прыўзняты». З тых часоў не было больш нічога.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ў Беларусі «няма аніводнага» палітвязня, таму што ў Крымінальным кодэксе няма такога артыкула. Але праваабарончы цэнтр «Вясна» цяпер налічвае амаль 1500 чалавек, зняволеных за іх мірныя палітычныя дзеянні ці погляды.

Аднаго з уласных актывістаў «Вясны», толькі што вызваленага, прымусілі правесці апошнія дзевяць дзён у адзіночнай камеры, спаць на вільготнай бетоннай падлозе і выкарыстоўваць кулак у якасці падушкі.

Трое палітвязняў памерлі ў турме, таму можа быць вельмі важна, каб хоць хтосьці ўбачыў іх імёны, — кажа Наталля Сацункевіч, праваабаронца «Вясны».

Яна згадала мастака Алеся Пушкіна, які нядаўна памёр у зняволенні (афіцыйная прычына смерці дагэтуль невядомая):

— Ён моцна схуднеў. Так што гэта было відавочна, — выказала здагадку Наталля.

Арышты не спыніліся

У жаночым прытулку ў Варшаве Інга расказала, як паліцыя прыйшла па яе праз два гады пасля падаўлення пратэстаў. Яны знайшлі яе фотаздымкі ў тэлефоне сяброўкі, у тым ліку адзін з мітынгу, дзе яна накінула на плечы чырвона-белы сцяг.

«Яны сказалі, што калі ты "палітычная", то ты гэта адчуеш», — дзеліцца Інга, згадваючы свой тыдзень у следчым ізалятары на Акрэсціна. У камеры з чатырма ложкамі знаходзілася 14 жанчын; ні душа, ні зубных шчотак, ні туалетнай паперы не было.

«Яны абыходзіліся з намі як з жывёламі», — дадае яна.

Але гэта не той успамін, які прымушае яе плакаць. Менавіта тады яна згадвае, як пераехала ў камеру папярэдняга зняволення і зразумела, што ўсе ў яе камеры былі там праз палітычныя погляды.

«У нас было дзяржаўнае тэлебачанне, і яно гаварыла так, як быццам нічога дрэннага не адбывалася, — кажа Інга. — І мы падумалі: як вы можаце гаварыць, што ўсё ў парадку, калі так шмат людзей сядзяць у турме?


Глядзіце таксама

Я не ведала, што людзей саджаюць у турму ў такой колькасці. Потым вы трапляеце туды, і ўсе становяцца палітыкамі. Гэта кашмар, — прызналася яна, ціха плачучы. — Нас саджаюць у турму толькі за нашы словы».

Прысуджаная да хатняга арышту, Інга ўцякла з краіны на пачатку гэтага года з дапамогай актывістаў. Яна не сказала свайму сыну, куды яны накіроўваюцца, пакуль яны не апынуліся ў бяспецы, — не магла рызыкаваць.

Цяпер жанчына кожную нядзелю далучаецца да мітынгу ў цэнтры Варшавы, каб спяваць беларускія песні, згадваць іншых палітвязняў і скандаваць лозунгі супраць вайны, якую Беларусь дапамагае весці ва Украіне.

Прыязджае толькі жменька, хоць колькасць беларускіх эмігрантаў у Польшчы пастаянна расце

«Я думаю, што гэта здрада, — кажа арганізатарка беларускіх суполак Ганна Федаронак. — Калі мы забудзем пра ўсіх людзей у турме, то мы ім здрадзім. Мы тут вольныя. Калі мы не выкажамся, то хто гэта зробіць?»

Цяпер яны з сяброўкай здымаюць пародыі для сацыяльных сетак: яны прыбіраюцца пажылымі жанчынамі, у хусткі і хатнія халаты, крывяць рожы і хіхікаюць у камеру. Яны ставяць фотаздымак Лукашэнкі ў рамцы на канапу ззаду сябе, як абраз. Жанчыны змагаюцца з рэпрэсіўным рэжымам, смеючыся з яго.

«У мяне няма іншай зброі, — тлумачыць Ганна. — Ці павінна я проста сядзець тут і чакаць перамен? Я не магу».


Глядзіце таксама

Калі заўважным дзеячам апазіцыі, такім як Марыя Калеснікава, былі вынесеныя працяглыя прысуды, іх прыхільнікі спрабавалі захоўваць пазітыўны настрой: Аляксандр Лукашэнка не змог бы пратрымацца ва ўладзе так доўга, разважалі яны. Так што зняволеныя хутка будуць вызваленыя. Замест гэтага іх караюць яшчэ больш, ізалюючы.

«Яны хочуць прымусіць людзей забыцца пра іх, таму што мы пра іх не гаворым, — мяркуе Таццяна Хоміч. — Яны хочуць вярнуцца да звычайнага жыцця, як быццам яны ніколі не катавалі людзей і не прысуджалі іх да 10 або 20 гадоў. Але поспеху ў гэтым у іх не будзе».