Рагачоўская міліцыя: фота прэзідэнта Польшчы — «прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці»

Рагачоўская міліцыя склала пратакол аб «экстрэмізме» на рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча. «Экстрэмізм» знайшлі ў артыкулах, якія актывіст размяшчаў на сайце «Рогачёв. Онлайн». У тым ліку ў артыкуле, які праілюстраваны фота польскага прэзідэнта Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

1687592557_12_u1xx1.jpg.jfif

Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч ужо год жыве ў Польшчы, але мясцовая міліцыя па-ранейшаму складае на яго пратаколы.

У складзеным 31 ліпеня ад імя ўчастковага Віталя Сімакова пратаколе гаворыцца, што актывіст і рэдактар сайта «Рогачёв. Онлайн», будучы ў неўстаноўленым месцы, з 11.06.2021 па 17.07.2023  «размясціў інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць». Пералічаны публікацыі на сайце, сярод якіх ёсць перадрук матэрыялу «Reuters» «Прэзідэнт Анджэй Дуда правёў кансультацыі з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства абароны». Для ілюстрацыі гэтай публікацыі Дашкевіч выкарыстаў здымак Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Як расказаў «Свабодзе» сам Дашкевіч, ён ужо год жыве ў Польшчы. Паводле суразмоўцы, гэта ведаюць у рагачоўскім райвыканкаме, міліцыі і раённай газеце, якая размясціла некалькі артыкулаў з абразамі ў адрас Дашкевіча.

«Але міліцыя ўсё ходзіць па адрасе, дзе я жыў у Рагачове. Перад гэтым пратаколам правялі «агляд жытла», шукалі тэхніку. Нічога не знайшлі. Дапытвалі сваякоў: дзе менавіта я жыву, хто яшчэ працуе на сайт «Рогачёв. Онлайн». Хадзілі не толькі да маіх сваякоў і сяброў, але і да прадпрымальнікаў, якія да 2020 года давалі рэкламу на нашым сайце», — дадаў актывіст.

Глядзіце таксама

Ён кажа, што не разумее, як прэзідэнт Польшчы можа «прапагандаваць экстрэмісцкую дзейнасць». Паводле інфармацыі Дашкевіча, ціснуць на яго «з падачы мясцовага ідэолага Наталлі Прус».

«Яна напісала скаргу ў пракуратуру, маўляў, на сайце «Рогачёв. Онлайн» ёсць выявы бел-чырвона-белага сцяга. Пракуратура ўгледзела ў гэтым «экстрэмізм», нават у прэзідэнце Польшчы. І ўжо міліцыя на загад пракуратуры склала гэты пратакол. Што тычыцца бел-чырвона-белага сцяга, то на сайце раённай газеты «Свабоднае слова» можна знайсці дзясятак артыкулаў, дзе ёсць гэты сцяг. Ці прыцягнуць раёнку да адказнасці за «экстрэмізм»? — разважае Дашкевіч.

Актывіст з 2017 па 2020 год працаваў дырэктарам Цэнтра культуры ў вёсцы Побалава. Звольнілі Дашкевіча ўвосень 2020-га. У раённай газеце «Свабоднае слова» перыядычна з'яўляюцца артыкулы са зняважлівымі характарыстыкамі ў ягоны адрас.