Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае павіншаваць Алеся Юркойця з народзінамі

23 жніўня – дзень нараджэння ў краязнаўцы, асветніка і папулярызатара беларускай культуры і мовы Алеся Юркойця. Алесь быў асуджаны на 7 год зняволення па справе мытнікаў – сваёй віны ён не прызнаў.

unnamed_106.jpg


Алесь Юркойць жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёну. Каля 20 гадоў працаваў інспектарам на Ашмянскай мытні. Усталяваў памятныя камяні і шыльды беларускім паэтам (Казімеру Сваяку ў Вільні, Янку Быліну ў Клюшчанах), адкрыў музей братоў Стаповічаў у вёсцы Барані, арганізаваў міжнародныя пленэры жывапісцаў (2007) і скульптараў (2008), паэтычны слэм (2013), правёў шмат лекцый, прэзентацый кніг, вандровак і экскурсій.
Алесь стварыў таварыства «Вільняр» – адзіную на Астравеччыне нефармальную краязнаўчую суполку, якая вывучала і пашырала веды пра свой родны край. Таксама Юркойць паставіў помнік паўстанцам у вёсцы Слабодка да юбілею паўстання Кастуся Каліноўскага, адшукаў 20-ы пункт Дугі Струвэ і арганізаваў «Касінерскі фэст».
Калі вы хочаце павіншаваць Алеся Юркойця, завітвайце ў Беларускі ПЭН-цэнтр з 19 па 21 жніўня (з 17.00 па 19.00), прыносьце свае паштоўкі, ці падпішыце тыя, якія ёсць у нас. 22 жніўня ўсе паштоўкі будуць адпраўленыя адрасату.
Таксама можна самастойна адправіць паштоўку па адрасе:211300, Віцебская вобласць, г/п Віцьба, ПК-3, атр. 8, А.Я. Юркойцю