Беларуская антыядзерная кампанія: Пры будаўніцтве АЭС адбываюцца сур'ёзныя парушэнні працоўнага заканадаўства
Пры будаўніцтве Беларускай АЭС адбываюцца "шматлікія сур'ёзныя парушэнні працоўнага заканадаўства і элементарных нормаў бяспекі персаналу, у тым ліку такія, якія вядуць да гібелі людзей". З такой заявай выступіла 1 верасня Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК).
Падставай для заявы стала трагедыя, якая адбылася на пляцоўцы будаўніцтва АЭС 26 жніўня, калі загінуў 43-гадовы мантажнік будаўнічых канструкцый расійскага ТАА "Трэст РосСЭМ" Групы кампаній ASE. У афіцыйным каментарыі прэс-службы ASE адзначалася, што прычынай трагедыі маглі стаць парушэнні правілаў бяспекі пры падачы балонаў з газавай сумессю супрацоўнікамі субпадраднай арганізацыі.
Паводле інфармацыі, якую БАЯК на працягу вось ужо некалькіх гадоў атрымлівае з розных крыніц з пляцоўкі АЭС, якая будуецца, гэта далёка не першая ахвяра. Як сцвярджае мясцовы жыхар, грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч, з пачатку будаўніцтва там загінула каля 10 чалавек.
"Тое, што нам вядома пра акалічнасці гібелі рабочых, красамоўна сведчыць аб пагарджанні нормамі элементарнай бяспекі на Астравецкай пляцоўцы. Так, нядаўні выпадак адбыўся, паводле нашай інфармацыі, з-за таго, што балон з кіслародам выпаў прыкладна з 70 метраў са звязкі з балонамі, якая падаецца на вышыню. Аднак афіцыйныя крыніцы замоўчваюць тое, што другі работнік падчас гэтага інцыдэнту атрымаў цяжкія траўмы і зараз знаходзіцца ў бальніцы", — гаворыцца ў заяве.
Паводле інфармацыі аўтараў дакумента, пры будаўніцтве АЭС адбываюцца сістэматычныя парушэнні працоўнага заканадаўства: грэбаванне элементарнымі нормамі бяспекі, у тым ліку падчас правядзення работ на вышыні і пры падыманні грузаў; парушэнні пры працаўладкаванні і допуску да пэўнага віду работ; недапушчальная працягласць змены і адсутнасць выхадных.
"Мы лічым трагедыі з чалавечымі ахвярамі на будаўніцтве Беларускай АЭС заканамерным вынікам сітуацыі, якая склалася там з прычыны лабіравання гэтага праекта на палітычным узроўні ў Беларусі, спешкі, эканоміі, а таксама нізкай тэхнічнай культуры, уласцівай расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам". Аснову для інцыдэнтаў і НЗ, якія будуць працягвацца на будаўніцтве Беларускай АЭС, калі яно не будзе спынена, заклалі сістэматычныя парушэнні, з якімі пачалі будаваць Беларускую АЭС", — падкрэсліваецца ў заяве БАЯК.
Яе аўтары патрабуюць неадкладнага спынення будаўніцтва АЭС і стварэння камісіі з удзелам міжнародных экспертаў для расследавання ўсіх парушэнняў, уключаючы парушэнні працоўнага заканадаўства, і ўсіх інцыдэнтаў, якія прывялі да гібель людзей.
БАЯК таксама патрабуе выканання Беларуссю ўсіх пунктаў рашэння органаў канвенцыі Эспаа, уключаючы рэкамендацыі аб стварэнні камісіі ў рамках канвенцыі для аналізу сітуацыі на будаўніцтве БелАЭС.
"Мы звяртаемся да патэнцыйных работнікаў, якія наймаюцца на будаўніцтва Беларускай АЭС, з папярэджаннем аб яго высокай небяспецы для жыцця і здароўя. Нават высокая заработная плата на будаўніцтве не можа кампенсаваць сям'і і блізкім гібелі або страты працаздольнасці карміцеля! А на будаўніцтве Беларускай АЭС рабочыя сёння атрымліваюць невысокія зарплаты, несувымерныя з цяжкімі ўмовамі і высокімі рызыкамі, уключаючы рызыку для жыцця", — гаворыцца ў заяве.
Дакумент падпісалі Беларуская партыя "Зялёныя", грамадскае аб'яднанне "Экадом", грамадская кампанія "Астравецкая атамная — гэта злачынства!" і рух "Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь!".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН