Беларусам варта непакоіцца? Ці атрымае ФСБ інфармацыю ад «Яндэкса» пра карыстальнікаў і паездкі за межамі РФ?

Зусім хутка ФСБ атрымае кругласутачны доступ да даных сэрвісу «Яндэкса» па замове таксі. Выданне «Медуза» высветліла, што гэта ў тым ліку гэта датычыць і паездак за межамі Расіі. Пад пагрозай жыхары мноства краін — ад Арменіі і Грузіі да Ізраіля і Фінляндыі. Сам жа «Яндэкс» адпрэчвае, што ФСБ будзе мець доступ да даных аб паездках на таксі за межамі РФ.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo_1.jpg

Прыкладна год таму шараговыя супрацоўнікі «Яндэкс Go» сталі цікавіцца ў кіраўніцтва, дзе канкрэтна захоўваюцца даныя аб паездках таксі па-за межамі Расіі.

Нягледзячы на вайну, сэрвіс (як правіла, пад назвамі Yango і Yandex Go) да гэтага часу працуе больш чым у дваццаці краінах свету, уключаючы Ізраіль, Нарвегію, Фінляндыю, Беларусь, Казахстан, Грузію і Арменію.

Перапіска супрацоўнікаў з кіраўніцтвам (ёсць у распараджэнні «Медузы») пачалася пасля з'яўлення навін пра закон, які дасць ФСБ кругласутачны доступ да баз даных сэрвісаў таксі, што ўнесеныя ў рэестр «арганізатараў распаўсюджання інфармацыі» (раней такія даныя падаваліся толькі па запыце). З усіх расійскіх сэрвісаў таксі ў гэты рэестр пакуль унесены толькі «Яндэкс Go».

Тое, што ФСБ зможа атрымаць доступ да звестак, турбавала кліентаў, якія карыстаюцца «Яндэкс Go» за мяжой, — і яны спрабавалі высветліць сітуацыю ў службы падтрымкі кампаніі. Прынамсі, пра гэта распавяла журналістам крыніца ў «Яндэксе».

Супрацоўнікі ў сваю чаргу пісалі менеджменту: «Як мы абараняем [кліенцкія] даныя?». Прадстаўнік кіраўніцтва адказваў, што даныя Yandex Go і Yango захоўваюцца ў Расіі, — і прасіў «у размовах з кліентамі пазбягаць згадкі інфармацыі аб цяперашнім месцазнаходжанні дата-цэнтраў».

«Базы даных усяго Yango... размешчаны ў Расіі. Няма ніякага ні фізічнага, ні лагічнага падзелу [на міжнародную і расійскую часткі]», — гаворыцца ў перапісцы.

Кругласутачны доступ да гэтай інфармацыі ФСБ атрымае з 1 верасня — прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін ужо падпісаў адпаведную пастанову. 

«Яндэкс» адмаўляе, што ФСБ атрымае доступ да даных аб паездках на таксі за межамі Расіі

Інфармацыю аб паездках на таксі могуць атрымаць праваахоўныя органы толькі той краіны, дзе паездка была здзейсненая.

Пра гэта паведамілі «Медузе» ў прэс-службе «Яндэкса», каментуючы інфармацыя аб тым, што да даных кліентаў, якія карыстаюцца сэрвісам за мяжой, будзе мець доступ ФСБ.

Пасля публікацыі артыкула пра гэта на Meduza, у «Яндэксе» заявілі, што «большасць сучасных высоканагружаных інтэрнэт-сэрвісаў уладкаваныя такім чынам, што мноства копій даных у зашыфраваным выглядзе захоўваюцца ў розных дата-цэнтрах»: «Найбуйнейшыя інтэрнэт-сэрвісы не ажыццяўляюць фізічны падзел захоўвання даных па краінах, дзе функцыянуе сэрвіс. Пры гэтым запыт на доступ да даных рэалізуецца выключна па геаграфічнай прыкмеце — па працэдурах, прапісаных у лакальных законах».

У прэс-службе «Яндэкса» запэўнілі, што «даныя аб паездках могуць атрымаць выключна праваахоўныя органы той краіны, дзе паездка была здзейсненая, па працэдурах, прапісаных у лакальных законах». Пасля 1 верасня, супакойвае кампанія, «гэтая логіка не зменіцца». 

Як ФСБ будзе атрымліваць даныя аб паездках?

Што высветлілі журналісты? На думку былога дырэктара па тэхналогіях «Яндэкса» Грыгорыя Бакунова, расійская спецслужба можа працаваць з дадзенымі «Яндэкса» двума спосабамі. У першым выпадку супрацоўнікі атрымаюць доступ да копіі ўсяго трафіку сэрвісу, у другім — толькі да адмысловага каналу сувязі, куды будуць выгружацца толькі паездкі карыстальнікаў, якія цікавяць ФСБ.

Паводле ацэнкі Бакунова, другі варыянт прасцейшы для ФСБ. Ён тлумачыць: “Уявіце, што ў вас ёсць дзве магчымасці. [Першая] — самастойна рукамі даследаваць неапрацаваную кучу даных. І другая — пры якой да вас, вобразна кажучы, у пошту прыходзяць паведамленні аб кожнай паездцы па зададзеных параметрах тыпу «карыстальнік Х з кіроўцам Y праехаў з пункту A ў пункт B».

Далей усё ў руках ФСБ — наколькі ім наогул захочацца самастойна ў агульнай кучы разабрацца. Калі ў іх ёсць для гэтага спецыяльныя людзі, то могуць і пачытаць [увесь масіў паездак]".

У другім выпадку, упэўнены спецыяліст, асаблівая рызыка ўзнікае для расейцаў, якія пераехалі ў краіны былога СССР пасля пачатку вайны.

«У масіве ёсць даныя па таксі ў Кыргызстане, Казахстане, Арменіі, Грузіі і іншых пунктах, куды расіяне з'язджалі пасля пачатку вайны. Гэта пагроза, я б сказаў, больш значная, чым доступ да звестак аб Фінляндыі, Нарвегіі і Алжыры», — дадаў Бакуноў.

З ім пагадзіўся і адзін з супрацоўнікаў «Яндэкса», які пагутарыў з «Медузай». Фіны і нарвежцы, на яго думку, «могуць спаць спакойна, а на месцы нашых грамадзян я б хваляваўся».

Верагодна, гэтыя асцярогі не пазбаўленыя падстаў. Напрыклад, Грузія часта адмаўляе ва ўездзе апазіцыйна настроеным расіянам, а ўлады Кыргызстана дэпартавалі з краіны антываеннага актывіста Аляксея Ражкова і затрымалі ўдзельніка грамадскага руху «Левы блок» Льва Скаракіна. У Расіі абодва былі абвешчаныя ў федэральны вышук.

«Мы не ведаем, ці ёсць у спецслужбаў дастатковы аб'ём магутнасцяў, якія яны гатовыя пакласці на гэтую справу, колькі ў іх ёсць вылічальных рэсурсаў, „жалеза“, высокакваліфікаваных распрацоўшчыкаў [каб апрацаваць увесь масіў паездак па Расіі і за яе межамі]. Гэта вялікая марока, але зрабіць гэта можна», — пацвердзіў былы супрацоўнік «Яндэкса». 

Да якіх даных можа атрымаць доступ ФСБ?

У тэорыі — да ўсёй інфармацыі, якую збірае сэрвіс таксі. У паведамленні аб прыватнасці Yango прыводзіцца падрабязны пералік такіх даных. У тым ліку гэта і тэхнічная інфармацыя, якая збіраецца аўтаматычна.

Напрыклад:

  • IP-адрас;

  • ідэнтыфікатар прылады;

  • тып і мадэль прылады;

  • аперацыйная сістэма, якая выкарыстоўваецца;

  • звесткі аб браўзеры або мабільным дадатку.

А таксама звесткі, якія кампаніі падае сам чалавек.

Такія як:

  • імя;

  • тэлефонны нумар;

  • электронны адрас;

  • банкаўская інфармацыя;

  • каментары карыстальніка.

  • Але галоўнае — адрасы паездак.