Гісторык: Мяцеж Прыгожына — спланаваная аперацыя ФСБ па паслабленні Пуціна
Аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расію», гісторык Юрый Фяльшцінскі разважае, каму быў выгадны «мяцеж Прыгожына», як месцам дыслакацыі «Вагнера» абралі Беларусь і навошта ў Расіі загаварылі пра вывад з Беларусі ядзернай зброі.
Дырэктар другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў РФ Аляксей Палішчук заявіў, што Расія можа вывесці тактычную ядзерную зброю з Беларусі, калі ЗША адмовіцца ад размяшчэння сваіх ядзерных боегаловак у Еўропе.
— Думаю, справа не ў гэтым. Наогул, у Еўропе ёсць дзве дзяржавы, якія з'яўляюцца чальцамі NATO і валодаюць ядзернай зброяй — гэта Францыя і Англія. Таму патрабаванне вывесці апмерыканскія ядзерныя войскі з Еўропы ўвогуле не развязвае для Расіі пытанняў ядзернай бяспекі, — пракаментаваў гэтую заяву гісторык Юрый Фяльшцінскі ў праграме «Раніца лютага».
— Я думаю, што гэта спроба стварыць дыялог, што кажа пра паніку ў Расіі, і што ў Расіі не засталося хадоў ва Украіне.
Яны могуць працягваць нейкі час (і нават доўга) вайну ва Украіне, таму што па цяперашняй схеме разбурэнні наносяцца Украіне, а Расія проста губляе войскі, на якія ёй пляваць. Расія самой вайны не адчувае, таму ў яе няма стымулу яе завяршаць якім-небудзь чынам.
Ядзерная пагроза да нядаўняга часу заставалася нейкім наступным апошнім ходам, які быў яшчэ ў Пуціна ў запасе. Цяпер у мяне ўражанне, што пасля 24 чэрвеня (у той дзень у Расіі быў «мяцеж Прыгожына») ядзерная рыторыка паступова змяняецца. З аднаго боку, Мядзведзеў пагражае ядзернай зброяй ужо не Еўропе, а Украіне. З іншага, з'яўляюцца галасы, якія кажуць, што па пытанні ядзернай зброі трэба дамаўляцца і гандлявацца.
Кожны разважлівы чалавек разумее, што ядзерную пагрозу сёння ў свеце стварае выключна Расія, таму што ні разу за дзесяцігоддзі з боку NATO не ствараліся пагрозы ў дачыненні да РФ, не ўздымалася пытанне аб ужыванні ядзернай зброі. Гэта ўсё ў аднабаковым парадку робіцца Расіяй. Таму прэрагатыва памяншэння гэтага ядзернага напалу таксама знаходзіцца ў Расіі. Насамрэч дыялогу на гэтую тэму з Расіяй ніхто не вядзе. Караван ідзе, а вецер дзьме.
Эксперта таксама спыталі, што ён думае пра здагадкі, нібыта бунт Яўгена Прыгожына быў спланаваны Пуціным і ФСБ для ўзмацнення пазіцый Пуціна і адкрыцця новага фронту ў Беларусі, куды былі перакінуты «вагнераўцы».
— Беларусь не новы фронт, а стары. Гэта фронт 2022 года, з якога пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Без Беларусі таксама нельга было правесці поўнамаштабнае ўварванне ў 2014 годзе. Так што Беларусь — гэта стары плацдарм, проста цяпер ён ледзь-ледзь інакш разыгрываецца.
Я не думаю, што 24 чэрвеня было спланаванай Пуціным аперацыяй. Я думаю, што гэта была спланаваная аперацыя ФСБ з мэтай пераразмеркаваць ролі кіравання ў дзяржаве і забраць у Пуціна, прынамсі, частку ўлады, а можа быць, і ўсю — гэта мы яшчэ паглядзім.
У гэтым сэнсе Пуцін не выйшаў пераможцам з той сутычкі. Наадварот, усяму свету адкрыліся нечаканыя слабыя бакі створанага ім рэжыму.
Цалкам магчыма, што план перакінуць «вагнераўцаў» у Беларусь нарадзіўся 24 чэрвеня цалкам спантанна. Мы бачым і па сустрэчы Прыгожына з лідарамі афрыканскіх краін, што ён не страціў ні адной нітачкі сваёй улады ў выніку падзей 24 чэрвеня, а Пуцін відавочна страціў, — заключае Юрый Фяльшцінскі.