Беларус стварыў канвертар беларускай лацінкі для MacOS
Карыстальнік Twitter пад нікам colorage стварыў лацінізатар для ноўтбукаў і кампʼютараў Apple, на аперацыйнай сістэме macOS. Цяпер, дзякуючы гэтаму, кожны, хто мае Mac, можа адной гарачай клавішай ператварыць напісанае на беларускай мове кірыліцай — u tekst biełaruskaj łacіnkaj.
Як гэта працуе?
Стваральнік піша, што, каб наладзіць гэтую фічу спатрэбіцца зрабіць усяго толькі два крокі:
Крок 1. Усталёўваем на ваш ноўтбук прыкладанне Raycast — гэта просты і хуткі лаўнчэр (аналаг звычайнага Spotlight на Mac);
Спампаваць можна тут.
Адразу адзначым, што вам можа спатрэбіцца дадаткова даць яму правы, каб ён мог змяняць тэкст кірыліцай на лацінку. То-бок пасля ўсталявання ідзем у сістэмныя налады — абарона і бяспека — канфідэнцыяльнасць — універсальны доступ — (ціснем на замок) і даем правы Raycast.
Крок 2. Пампуем сам лацінізатар.
Спампаваць можна тут.
Крок апошні. Задаем гарачую клавішу для хуткасці і зручнасці. Адчыняем Raycast — Preferences (налады) — Абіраем зверху Extensions (пашырэнні) — бачым у табліцы пашырэнне Convert to Lacinka і ў слупку Hotkey задаем зручную камбінацыю, напрыклад Option + L.
Віншуем! Цяпер пішам любы тэкст беларускай, вылучаем яго і націскаем камбінацыю, якую вы задалі.
Vynіk musіć być voś takі. Usio prosta, a hałoŭnaje — zručna! A padziakavać aŭtaru možna prama ŭ Twitter:
Нагадаем, напачатку гэтага месяца прарасійскія актывісты дамагліся адмены беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. Пастановай Дзяржаўнага камітэта па маёмасці зацверджана інструкцыя па перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы і транслітарацыі найменняў геаграфічных аб'ектаў літарамі лацінскага алфавіта.
Адмяняецца перадача ў тым ліку геаграфічных назваў шляхам транслітарацыі літар (знакаў, літар) беларускага напісання адпаведнымі літарамі лацінкі (беларуская лацінка). Раней перадача геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь на лацінку ажыццяўлялася з іх напісання на беларускай мове.
Цяпер, напрыклад, літары «ч», «ш», «ў», «ж», «г» будуць перадавацца як «ch», «sh», «w», «zh», «g» — Vierabjovichy (Вераб'ёвічы), Safijewka (Сафіеўка), Tatarshchyna (Татаршчына), Ulukawje (Улукаўе), Sharkawshchyna (Шаркаўшчына), Charnaruchcha (Чарнаручча), Zhazhelka (Жажэлка), Murawjowka (Мураўёўка), Dziedaw Kurgan (Дзедаў Курган).