“Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў пра беларускае замежжа
Сёлета 10 верасня Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” споўнілася 25 гадоў. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа.
Фота zbsb.org
Чвэрць стагоддзя Згуртаванне працуе дзеля кансалідацыі беларусаў незалежна ад месца пражывання на грунце любові да нашай супольнай гісторыі, культуры, роднай мовы. Дасягненні беларусаў замежжа — неад’емная частка нашай супольнай гісторыі і сучаснасці, нашай культуры. Яны вартыя вывучэння і папулярызацыі. Справы і творы народжаных у Беларусі мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў ды звычайных беларусаў ва ўсе часы ўплывалі і працягваюць уплываць на фармаванне ўяўленняў пра беларускую нацыю ў свеце. А што самі жыхары сённяшняй Беларусі ведаюць пра нашых замежных суайчыннікаў?
Каб разумець, якімі праз суродзічаў за мяжой нас бачыць свет, і з нагоды свайго юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару. Яны могуць быць прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы, у тым ліку:
- біяграфіям пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, чыё жыццё і творчасць звязаныя з замежжам;
- асэнсаванню творчай спадчыны дзеячаў беларускага замежжа;
- гісторыі масавых эміграцый, перасяленняў беларусаў па-за межы Беларусі;
- гісторыі або сучаснасці беларускай прысутнасці ў асобнай краіне;
- дзейнасці беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтваў на Захадзе: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Цэнтральнай Рады;
- дзейнасці асобных беларускіх арганізацый, суполак, калектываў, сродкаў масавай інфармацыі;
- сацыяльным, эканамічным, культурным аспектам існавання беларускага замежжа.
У склад журы конкурсу ўваходзяць сябры Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:
- Наталля Гардзіенка, гісторык, намеснік дырэктара БДАМЛМ,
- Лявон Юрэвіч, архівіст Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі,
- др. Вітаўт Кіпель, старшыня БІНіМа,
- др. Янка Запруднік, сябра ўправы БІНіМа,
- Валеры Герасімаў, загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Да ўдзелу запрашаюцца як прафесійныя навукоўцы, так і аматары, як сталыя даследчыкі, так і пачаткоўцы з Беларусі і замежжа.
Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай мове.
Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя.
Памер тэкстаў да 1 аўтарскага аркуша (каля 40 тысяч знакаў).
Дасылаць працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: zbsb.minsk@gmail.com да 1 студзеня 2016 г.