Астапеня: Несупадзенне поглядаў — нармальна для дэмакратычнага грамадства

Апошнія сацыялагічныя звесткі нарабілі шмат шуму ў сацсетках. Больш за ўсё абурэнняў выклікалі лічбы пра палітычныя настроі беларусаў: для многіх стала сюрпрызам, што "нас" не 97%. Супрацоўнік брытанскага даследчага цэнтра Chatham House Рыгор Астапеня на Еўрарадыё распавядае пра тое, чаму нельга заплюшчваць вочы на рэальнасць.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сардэчна запрашаем у гета

Тую значную частку грамадства, якая ўваходзіць у катэгорыю "нейтралаў", называюць у лепшым выпадку здраднікамі. У горшым — не вераць у іх існаванне.
Генезіс гэтага зразумелы: калі ты сам увесь час думаеш пра нешта важнае, то мяркуеш, што гэтаксама робяць і астатнія. У прынцыпе, так працуюць кагнітыўныя фільтры — і вінаваціць у гэтым нікога нельга.
Але перавернем сітуацыю: вы не верыце, што бел-чырвона-белы сцяг падтрымлівае не большасць? Ну дык і "з таго боку" ўпэўненыя, што за чырвона-зялёны выступае пераважная большасць. Не згодныя з тым, што ў цэлым беларусы ставяцца да Расіі станоўча? Ну дык і супрацьлеглы бок дакладна гэтаксама ўпэўнены, што ўсе "змагары" — русафобы.


Усё проста: асабісты досвед і свае погляды экстрапаляваць на ўсё грамадства ў прынцыпе няправільна. Мы ўжо бачылі прыклады таго, што бывае, калі беларускія палітыкі і асобныя выданні ствараюць паралельную рэальнасць. У іх і "рэжым заўтра падзе" (на працягу дзесяцігоддзяў), і пытання, важнейшага за дзяржаўную мову, няма. Да чаго яны прыйшлі? Вось то ж бо то.
Ёсць такое паняцце, як "рэха-камера". Яно прыдатнае для людзей ва ўсім свеце, але пры жорсткай палярызацыі грамадства становіцца прыкметнейшым. Груба кажучы, вы маеце зносіны з людзьмі з такімі самымі поглядамі, чытаеце СМІ ці глядзіце блогераў з такімі самымі поглядамі, і ў выніку яны падмацоўваюць вашу веру ў нешта, а вы сваёй увагай — падтрымліваеце іх. Толькі вось за межамі гэтай камеры, як кажа адзін персанаж, "очэнь інцярэсна".
Можна сказаць больш жорстка: спажываючы толькі тую інфармацыю, з якой вы згодныя, вы трапляеце ў інфармацыйнае гета. І вам там можа быць цалкам утульна і добра — ды толькі ў цэлым гэта шкодзіць развіццю грамадства.

Чуць і слухаць

Горш за ўсё, калі адмаўляюцца ўспрымаць любую інфармацыю, якая не супадае з іх асабістымі "ашчушчэніямі", так званыя лідары меркаванняў. Напрыклад, палітыкі і буйныя блогеры.
Першым ведаць рэальную карцінку (а сацыялогія дае менавіта яе, бо гэта навука, а не апытанне ў тэлеграм-канале) крытычна важна, каб прымаць рашэнні і распрацоўваць стратэгіі. Не маючы ўяўлення пра рэальныя настроі ў грамадстве, адзін палітык так выбудаваў рыторыку, што на адзіных свабодных выбарах атрымаў менш за 13%. Вядома, ва ўсім можна вінаваціць сусветныя змовы, але рэальнасць такая, што адпудзіць ад сябе прыхільнікаў куды лягчэй, чым прыцягнуць новых.
Калі палітык не ўлічвае настрояў у грамадстве, то ён/яна прымае няправільныя рашэнні. Напрыклад, можа сказаць, што большасць беларусаў хочуць уступлення краіны ў НАТА (гэта не так). І як тады будуць ставіцца да палітыка людзі, не згодныя з гэтым тэзісам? Правільна: негатыўна.
Вядома, гэта не значыць, што трэба казаць і рабіць тое, што ўсе прымуць. Але гэта паказвае на важнасць кампрамісаў, рэалістычнага погляду і пэўнага лавіравання, каб працягваць кансалідаваць людзей. І, яшчэ важней, каб прыцягваць на свой бок "нейтралаў" — тых, хто не выбірае нічый бок.
Без спробы прыцягнуць на свой бок "нейтралаў" і мабілізаваць іх наўрад ці можна сур'ёзна гаварыць пра дасягненне "перамогі". Інакш усё ператвараецца ў працу "сваіх для сваіх", тое самае гета. Тое самае сёння, дарэчы, робіць і Лукашэнка, фактычна размаўляючы толькі з "ябацькамі". А рэальную перавагу ў той ці іншы бок могуць даць менавіта "нейтралы".


Важныя паводзіны і іншых лідараў меркаванняў. Калі рэалістычныя звесткі па поглядах грамадства, пазіцыі па сцягу, рэйтынгу палітыкаў і г. д. клеймаваць як "дызмарал" — тады захоўваецца тая самая "рэха-камера" і за межы сваёй лаяльнай публікі выйсці нельга.
Вядома, свае погляды і меркаванне па важных пытаннях маюць усе — і аўтар гэтых радкоў, і палітыкі, і актывісты. Яны могуць у чымсьці не супадаць — і гэта цалкам нармальна для дэмакратычнага грамадства, да якога мы ўсе імкнёмся.
Але калі працягваць жыць ва ўяўным свеце, таго самага дэмакратычнага грамадства нам яшчэ доўга чакаць. Шмат у чым таму, што дэмакратычнае грамадства — тое, у якім чуюць людзей, а не думаюць, быццам "адчуваюць настроі краіны".