Асобная думка. Бандыяна-2025

 Я спецыяльна не звяртаў увагі на абставіны і сам факт знікнення Анжалікі Мельнікавай да сёння. Досыць мала інфармацыі і яшчэ менш бясспрэчных фактаў. Тым не менш, з нямецкай акуратнасцю (ніякіх пытанняў да паважаных немцаў, толькі спасылка да іх педантычнасці і парадку) штотыдзень вельмі дазавана ў інфаполе ўкідваецца яшчэ кропелька, якую нібыта атрымалася здабыць. Цікава, што гэтыя ўкіды ніяк не каментуюцца афіцыйнымі асобамі, але ж маланкава распаўсюджваюцца па медыя як рэальныя факты.

8865c910_1077_11f0_8c6c_d990c1c0e96b.jpg.webp

Адразу пазначу, што гэта толькі мае асабістыя думкі, складзеныя пасля чытання навінаў на ўсім вам вядомых сайтах. 

Знік чалавек. Не звычайны мігрант, не працоўны на складзе, не кур’ер. Знікла  публічная асоба, якую шмат хто ведаў (апроч мяне да апошняга часу) і якая, як вызначылася, мела датычнасць да размеркавання неблагіх грошай. Каму як, канешне, але ж для мяне і шмат для каго яшчэ гэта вялікія грошы. З пункту гледжання адукаванага і здарова разважаючага чалавека паставіць на кон усё дзеля 150 тысяч даляраў ці нават еўра ці фунтаў — пытанне не тое, што несур’ёзнае, але больш смешнае. Аніводны медыйны чалавек з досведам Мельнікавай такое нават разглядаць не будзе. Каб вы разумелі — гэта кошт 2+1 (звычайная трохпакаёўка) кватэры на албанскім узбярэжжы і нават не на беразе мора. Без рамонту і тэхнікі. Без канапаў і бара на балконе з відарысам на захад. Ну каб вы разумелі...

Пакінем грошы і звернемся да самой Мельнікавай і таго, што аб ёй пішуць. Шмат, так. Але ж прыгадваю публікацыі ад першай да апошняй і не пакідае адчуванне прагляду нейкага кепскага савецкага шпіёнскага серыялу, сцэнар якога пішацца шэрымі дзядзямі ў шэрых жа строях пад добрым і адначасова суворым позіркам нашага, на жаль, суайчынніка Фелікса, Эдмундава сына. Пакрысе з самога пачатку распрацоўвалася версія аб спартыўным хлопцы, у якога імгненна закахалася нашая фігурантка. Спачатку гэта былі літаральна словы, потым версія выбілася ў асноўныя і цяпер, дзякуючы медыя і рэакцыям чытачоў, канчаткова прынята за галоўную і бясспрэчную.

А фактаў не багата. Адныя толькі «нібыта». Так, ёсць квіткі на Кубу, Шры-Ланку, Дубай. У адным самалёце ляцеў агент, назад таксама... Курсы «пікапу», даруй Божа... Вы вось зараз сур’ёзна? Ну калі так, то спадар Латушка вокамгненна павінен сысці з палітычнага гарызонту назаўсёды! Гэта ж ягоная крэатура і ён за яе павінен адказваць. Гэтага не адбываецца, і нас ужо павінны браць пэўныя сумневы ў самой асобе Латушкі... Але ж не, ён бадзёра працягвае каментаваць абставіны ды акалічнасці знікнення Мельнікавай нават пасля знікнення грошай.

Цікава, што большасць трыгерыць знікненне грошай. Нават больш, чым знікненне самой Мельнікавай. Паглядзіце самі — колькі навінаў было прысвечана грошам і колькі самому факту знікнення Анжалікі без згадкі пра грошы. Паглядзелі? Убачылі? Параўналі? Віншую!

Магчыма, беларускі Бонд і ляцеў у самалёце на Кубу разам з маці Мельнікавай. Магчыма, частаваў кактэйлямі. Магчыма, была потым таямнічая ноч на кубінскім пляжы з гарачым ромам... Магчыма, быў працяг. Мы ўсе людзі-чалавекі. Нават калі верыць у гэты серыял — ну хто з нас адмовіўся бы і пайшоў увечары ў гатэль спяваць на ноч «Магутны Божа» і класціся спаць? 

Можа неяк так і было, а можа неяк па іншаму, але ж фактаў няма! Няма нічога, апроч здагадак ды версій. Я вось сам  пару год таму ехаў у цягніку з адыёзным Сяргеем Кунцэвічам і мы выйшлі нават на адным прыпынку. Мне цяпер што рабіць?

Дагэтуль адным неабвержным фактам з’яўляецца толькі тое, што знік чалавек. Знікла Анжаліка Мельнікава. Магчыма, таксама зніклі грошы з рахунку, які яна асабіста кантралявала і на які паступалі грошы на дзейнасць «Кіберпартызанаў» ды нейкіх іншых структур, але ж гэта ніяк не пацверджана. Іншых фактаў няма! 

Неяк так.