«Асаблівага прафесіяналізму спецслужбы Лукашэнкі не дэманструюць, іх метады грубыя і тапорныя»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказаў «Филину» пра эфектыўнасць выкарыстання сталінскіх практык у сённяшняй Беларусі.

7_320_logo_1.webp

— Сёння ўсё часцей гучаць размовы пра сталінізацыю палітычнага рэжыму ў Беларусі. Зрэшты, самі сілавікі, якія працягваюць душыць любыя праявы іншадумства, не хаваюць прыхільнасці да сваіх папярэднікаў. Мы бачым, што тое-сёе ўлады бяруць са старых арсеналаў. Правакацыі, спробы выманьваць з-за мяжы сваіх апанентаў. Альбо прапагандысцкія сюжэты з СІЗА і калоній, якія мусяць засведчыць, што там усё нібыта нармальна. Як бы вы ацанілі эфектыўнасць такой пераемнасці, наколькі ўдала спецслужбы і прапаганда карыстаюцца старымі практыкамі?

— Пераемнасць, безумоўна, існуе. Таму што ў Беларусі пасля 1991 года, як вядома, не адбывалася істотных рэформаў гэтай сістэмы. Былі, вядома, пэўныя перамены, якіх вымагала жыццё, але структура і метады засталіся тыя самыя.

Я думаю, што і ў навучальных установах, дзе вучылі кадры для спецслужбаў, захаваліся старыя падыходы. Былыя чэкісты дзяліліся з новым пакаленнем сваімі поглядамі, напрацоўкамі. Таму, сапраўды, мы маем мадэрнізаваную савецкую, яшчэ з таго часу, сістэму. Што мы ў прынцыпе зараз і заўважаем.

Наколькі яна можа быць эфектыўнай? Сказаць складана, паколькі мы не бачым лукашэнкаўскія спецслужбы ў дзеянні ў сітуацыі, калі патрэбна тонкая гульня. У сітуацыі, калі дзейнічаюць законы, калі іх нельга відавочна парушаць, калі трэба рабіць усё патаемна. Без грубай работы, каб ніхто не здагадаўся.

Але ў сітуацыі, калі законы адменены, калі можна рабіць усё што заўгодна, можна дзейнічаць груба і ні на што не аглядацца, то можна не асабліва замарочвацца, каб праяўляць суперпрафесіяналізм.

І мне здаецца, што асаблівага прафесіяналізму лукашэнкаўскія спецслужбы за гэты перыяд не прадэманстравалі. Дзейнічаюць яны грубымі метадамі, надзвычай тапорна.

— Але ж і самыя грубыя метады часам бываюць досыць эфектыўнымі.

— Безумоўна, свая эфектыўнасць тут ёсць, бо адсутнічае любое стрымліванне. Фактычна, можна рабіць што заўгодна, і гэта будзе даваць плён.

Навошта ім прымяняць тонкія ювелірныя метады, каб, напрыклад, патаемна здабыць нейкія паролі, пранікнуць у нейкія структуры, калі можна проста арыштаваць чалавека, ужыць да яго метады фізічнага ўздзеяння і проста выбіць з яго неабходныя звесткі.

У нас часцей за ўсё, як выглядае, гэта ляжыць у самой аснове. Схапіць кагосьці, выбіць патрэбую інфармацыю, і потым выкарыстоўваць яе далей для раскручвання тэмы пагрозы для рэжыму. Але для гэтага не трэба ніякай высокай кваліфікацыі. Патрэбна нахабства, адсутнасць маральных нормаў і кантролю за такой дзейнасцю з боку грамадства. Гэта тое, што было ў сталінскія часы, савецкі перыяд, і тое, што ёсць цяпер. І на аснове гэтага будуецца ўся гэтая сістэма.


Глядзіце таксама

— А што можна сказаць пра грамадства? Ці здольнае яно вучыцца на ўроках мінулага? Умоўна кажучы, аповесць-папярэджанне «У капцюрох ГПУ» Аляхновіча можа навучыць чамусьці сённяшніх беларусаў, якія сутыкаюцца з пытаннем: ехаць ці не ехаць з розных прычын у Беларусь з-за мяжы?

— Як кажуць, гісторыя — гэта навука жыцця, якая нікога нічому не вучыць. Здавалася б, ёсць жыццёвыя прыклады, якія мусілі б людзей чамусьці вучыць, прыклады з гісторыі. Але на практыцы адбываецца не заўсёды так. І гэта ўвесь час паўтараецца.

Па-першае, далёка не ўсе гэта чыталі, глыбока даследавалі. Па-другое, ёсць такое разуменне, што тады было так, а цяпер усё зусім інакш. Адпаведна, стары досвед ужо не пракатвае. Да таго ж, у людзей ёсць такая псіхалагічная ўласцівасць: у лепшым выпадку вучыцца на ўласных, а не на чужых памылках.

І ўвогуле — людзі ўсе розныя. Нехта вучыцца на чужым вопыце, улічвае яго. А нехта больш рызыкоўны, схільны дзейнічаць на авось.

У цэлым жа, як мне падаецца, большасць з тых беларусаў, каму штосьці рэальна пагражае на радзіме, асцерагаюцца, не едуць у Беларусь. І хутчэй з пачуцця самазахавання, а не таму, што прачыталі Аляхновіча.

А ёсць тыя, хто гатовы рызыкаваць — апраўдана ці без пільнай патрэбы. І тут нічога не зробіш, усіх да адной роўніцы не прывядзеш.

Акрамя таго, сітуацыя сёння адрозніваецца ад той, што была ў 1920-я. Калі той жа Аляхновіч ехаў у Савецкі Саюз, даверыўшыся бальшавікам, то і самі бальшавікі заманьвалі людзей. Стваралі пазітыўныя прыклады, аб’яўлялі амністыю.

Аляхновіч, напрыклад, ведаў пра сваіх знаёмых, паплечнікаў, якія вярнуліся і добра ўладкаваліся, якіх шанавалі на новым месцы. І яму пра гэта расказвалі, прыводзілі канкрэтныя прыклады. У выніку ён рызыкнуў і паехаў. І мы ведаем, што яго напаткала.

Цяперашні рэжым такіх пазітыўных пернікаў не дае, толькі бізун. Усе гэтыя «камісіі па вяртанні» і запрашэнні прыехаць настолькі не супадаюць з практыкай, што вялікую колькасць людзей проста немагчыма заманіць у цяперашняй сітуацыі.

Адзінкі людзей, канечне, трапяць у пастку. Пры такой колькасці тых, хто выехаў, пры такой іх разнастайнасці і ў палітычных поглядах, і псіхалагічных асаблівасцях, цяжка пазбегнуць таго, што нехта зробіць глупства, едучы ў Беларусь і давяраючы тым, каму давяраць зусім нельга.