Арцемій Троіцкі: Беларусь стане нармальнай еўрапейскай краінай

Вядомы расійскі журналіст і выкладчык Арцемій Троіцкі верыць у еўрапейскую будучыню Беларусі і Украіны. А вось наконт Расіі ў яго аптымізму няма.



unnamed6.jpg

«[Беларусь] пройдзе даўжэйшы шлях за краіны Балтыі, мабыць, нават даўжэйшы за Украіну (якая — я ўпэўнены — таксама будзе еўрапейскай краінай), але ўрэшце — я ўпэўнены — з Беларуссю ўсё будзе добра. Я вельмі хачу, каб так было, і я ў гэтым не сумняюся», — заявіў падчас публічнай дыскусіі ў ЕГУ (Вільня) расійскі журналіст і выкладчык Арцемій Троіцкі.

Пра будучыню ж Расіі Троіцкі выказаўся зусім не аптымістычна: «Адзіная краіна, наконт якой я маю вялікія сумневы — гэта Расія. Я абсалютна не ўяўляю, што станецца з Расіяй. Для мяне гэта ўсё быццам ахутана вялізнай цёмнай хмарай».

Троіцкі цяпер жыве ў Таліне і выкладае ў Хельсінкскім і Талінскім універсітэтах.

Дыскусія, якую мадэраваў прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыі д-р Дарус Удрыс, была прысвечаная тэмам культурнага і палітычнага свету сучаснай Расіі, каранёў грамадскай падтрымкі ў Расіі, уплыву Расіі на краіны-суседкі і пазіцыі культурнай эліты Расіі.

«Я заўсёды быў аптымістам наконт Расіі, я думаў: шлях гэты доўгі і пакручасты, але рана ці позна Расія стане нармальнай краінай, заснаванай на нармальных еўрапейскіх прынцыпах: міры, свабодзе, радасці ад добрага жыцця, — сказаў Троіцкі. — Замест гэтага Расія зноў і зноў даводзіць, што яна асаблівая дзяржава. Таму я надоечы ператварыўся ў песіміста. Падобна на тое, што Расія — гэта краіна, якая ніколі напоўніцу не адаптуецца да нармальных еўрапейскіх правілаў».

На думку Троіцкага, найлепшымі спецыялістамі ў галіне расіязнаўства былі і застаюцца не палітолагі або аналітыкі, а хутчэй дзеячы мастацтва і пісьменнікі.

«Шмат у чым усё тое, што цяпер адбываецца ў Расіі, нават да драбніцаў, было прадказана ў аповесцях Уладзіміра Сарокіна, напрыклад, у «Дні апрычніка».

Троіцкі прыгадвае: калі дзевяць гадоў таму выйшла кніга Сарокіна, яе ўспрынялі як гумарыстычны раман-антыўтопію. А сёння, адзначае Троіцкі, мы ёсць сведкамі таго, як гратэскныя ідэі кнігі ператвараюцца ў рэчаіснасць.

«Тады людзі чыталі і смяяліся. А цяпер яна чытаецца як газета», — іранізуе журналіст.

Троіцкі мяркуе, што цяперашні заняпад станоўча ўплывае на культуру і творчасць, гэтаксама як савецкі ўціск спарадзіў яскравае тэатральнае жыццё ў 70-х і расійскую рок-сцэну ў 80-х.

«Я маю вялікі досвед як рок-крытык і музычны прамоўтар. Я магу сказаць дакладна: самым плённым перыядам для рускага року была першая палова 80-х. Гэта быў час, калі паўсталі найвялікшыя асобы ў рускай музыцы, найвялікшыя паэты свайго пакалення. Гэта таксама быў час самага моцнага ўціску рок-музыкі — калі гэтая музыка была фактычна пад забаронай. Людзей арыштоўвалі на канцэртах; прынамсі дзве ці тры вядомыя рок-зоркі патрапілі ў турму. Але адначасна для музыкі гэта быў час найвышэйшага натхнення».

Троіцкі лічыць, што больш-менш спакойнае і квітнеючае першае дзесяцігоддзе XXI стагоддзя для расійскай культуры сталася страчаным дзесяцігоддзем – няшмат вартых твораў мастацтва і культуры было створана. З прыходам цяперашняй палітычнай бязладзіцы ў краіне ўсё змянілася.

«Я вельмі рады, што тыя ж рок-ветэраны, хто зрабіў у Расіі спеўную рэвалюцыю ў 80-х – такія людзі, як Шаўчук, Грабеншчыкоў, нават Макарэвіч, — яны зноў на перадавой культурнага пратэсту. Я імі сапраўды ганаруся; я шчаслівы, што гэтыя хлопцы зноў паказалі, наколькі яны моцныя і таленавітыя», — сказаў Троіцкі.

Рок-музыка, джынсы ды іншыя атрыбуты заходняй поп-культуры гралі значную ролю ў распадзе Савецкага Саюза, аднак апошнім часам лад думак большасці насельніцтва Расіі змяніўся ў дыяметральна процілеглы бок.

«Уплыў Захаду на Расію быў моцным, але неглыбокім, на маю думку. Пачынаючы ад Пятра I, ён заўжды закранаў вельмі тонкі пласт грамадства. У XVIII стагоддзі — арыстакратыю; у XIX ст. — шляхту і інтэлігенцыю, што заўсёды складала 10–15% грамадства. Джынсы — гэта добра, рок-музыка — таксама файна, але ў рэшце рэшт рок-музыку перамог рускі шансон, таму што ён апынуўся бліжэйшы простаму рускаму чалавеку».

Адкрыта крытыкуючы цяперашні рэжым, Троіцкі не бачыць з'яўлення апазіцыі, якая б не проста крытыкавала, але і дзейнічала, каб змяніць сітуацыю. У сувязі з гэтым ён параўноўвае цяперашнюю сітуацыю ў Расіі з найноўшай гісторыяй Беларусі.

«У Расіі ёсць вельмі сур'ёзныя інтэлектуальныя рэсурсы. Я ў захапленні ад расійскіх палітычных і грамадскіх каментатараў. Цудоўныя тэксты, проста задавальненне чытаць. Але на гэтым усё і сканчаецца. Яны выказваюць свае думкі з Расіі і — штораз часцей — з-за мяжы; пішуць нешта разумнае і добрае, прасякнутае болем – яно ўражвае. Але штосьці зрабіць, каб гэта змяніць? Дык жа не».

Троіцкі, у майцы ў падтрымку Алега Навальнага (асуджанага брата вядомага расійскага палітычнага актывіста Аляксея Навальнага), прызнаўся, што Аляксей Навальны здаецца яму адзіным, хто спрабуе нешта змяніць у Расіі.

«Скажам шчыра: Навальны — адзіны, хто цяпер спрабуе штосьці рабіць. З-пад хатняга арышту. Сапраўдны герой».

www.ehu.lt