Апытанне ў Горадні: «Я не супраць, каб Пуцін прыйшоў у Горадню»

Ці змянілася ваша стаўленне да Расеі і расейскага кіраўніцтва пасля ўкраінскіх падзеяў, анэксіі Крыма? Чаму? Апытанне ў Горадні.



putin_vvedi.jpg

Акцыя ў Маскве, падчас якой Пуціна заклікалі ўвесці войскі
Хлопец: «Што значыць памянялася? Як было нармальным стаўленне да Пуціна, такім і засталося. Я так думаю, ён, наадварот, уратаваў так трошку. Вы ведаеце, я б не супраць, каб Пуцін прыйшоў у Горадню. Ну, як для чаго? Па-мойму, і разважаць няма чаго! У Расеі ж людзі жывуць нашмат лепей, чым мы».
Сталы мужчына: «Усё справакавана Расеяй. Ім трэба мець нейкую перамогу, падвысіць свой рэйтынг. Гэта ўлады толькі. Ім хапае тэрыторыі, яна пустуе. Смаленская вобласць: не абрабляецца зямля. Нашто ім яшчэ больш? Свае землі пустуюць».
Кабета: «А Пуцін я ня ведаю — герой ён ці не. Гэты Крым, гэта ўсё так далёка ад мяне, разумееце?»
Спадар: «Ну што цяпер? Не ведаю, нейк не тое стаўленне, і не сказаў бы, што ён герой».
Спадарыня: «Канечне, расчаравана. Па-першае, я так думаю, што вайна гэта жахлівая для людзей, Украіна — гэта кашмар».
Спадар: «Дунін-Марцінкевіч даўно ўсё сказаў у „Пінскай шляхце“: паны дзяруцца, а ў халопаў чубы трашчаць». А Пуцін — больш ахвяра, самога сябе. Таму што мне здаецца: усё, што ён рабіў і назапашваў капітал нейкі, ён зараз будзе губляць, моцна і хутка. І нават сярод сваіх».
Сталы спадар: «Я яго дзюдаістам не ўспрымаў. Палітыка неапраўдана агрэсіўная. Яна павінна быць не такой. У Еўропе ХХІ стагодзьдзя такой палітыкі быць не павінна. Не хопіць яму „силенок“ пераварыць Еўропу».
Хлопец: «У мяне няма абсалютна ніякіх развагаў з гэтай нагоды, я сам з Расеі і для мяне нічога не памянялася ў гэтым».
Мужчына: «Уражвае гэтая беспрынцыпнасць, грубасць пры вырашэнні ўласных праблемаў. Нават бесчалавечнасць, наплявацельскае стаўленне: правы чалавека на ўсходзе Украіны цяпер папросту зраўналі з зямлёю. Калі прыходзіць калона тэрарыстаў з расейска-украінскай мяжы і прыходзіць, выбачайце, з боку Расеі, хочацца задацца пытаннем — а куды яны там глядзяць у такім выпадку на тэрыторыі Расеі, калі з іхняга боку прыходзяць тэрарысты, прычым адкрыта? І памежнікі ўкраінскія даюць бой».
svaboda.org