Апеляцыя па справе анархістаў: тэрміны зняволення зменшаныя амаль удвая
Мінскі гарадскі суд сёння, 27 сакавіка, разглядаў апеляцыйныя скаргі на прысуды анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Комару. У выніку тэрміны зняволення былі зменшаныя амаль удвая.
Мікіту Емяльянава прысудзілі да 4 гадоў зняволення, Івана Комара — да 3 гадоў 6 месяцаў, пра гэта паведамляе ў фэйсбуку Вікторыя Фёдарава.
Яшчэ 12 лютага суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Хлопцаў асудзілі за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, уражваючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).У віну Емельянову і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасада будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў Мінску.
Агульная сума шкоды не перавысіла 145 рублёў і была пагашана.
Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.
Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.
Праваабаронцы прызналі Емяльянава і Комара палітвязнямі. У прыватнасці, на той падставе, што яны былі асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным учыненаму.