Андрэя Кудзіка асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Палітвязень віны не прызнаў
Сёння, 16 лютага, у Мінску судзілі вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка. Суддзя цалкам прыняў пазіцыю боку абвінавачвання і вынес палітвязню тое пакаранне, якое прасіў пракурор.
У судзе Заводскага раёна Мінска 16 лютага агучылі прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) супраць палітзняволенага актывіста з Вілейкі, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Кудзіка, паведамляюць праваабаронцы.
Суддзя Алег Каляда асудзіў Андрэя Кудзіка да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне прасіў пракурор. На судзе Андрэй не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. Пад вартай вілейчанін утрымліваецца ўжо паўгады.
Вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 года: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі.
9 жніўня 2021 года яго затрымалі чарговым разам і агулам асудзілі на 90 сутак адміністрацыйнага арышту, якія Андрэй адбываў у невыносных умовах ізалятарах Вілейкі і Смалявічаў. Пасля адбыцця арышту Андрэй Кудзік на волю так і не выйшаў. Яго перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён утрымліваецца і да гэтага часу.