Андрэй Дзмітрыеў: апазіцыя павінна дапамагчы рэфарматарам ва ўладзе

Падзел на ўладу і апазіцыю сёння ўжо неактуальны.



cb3c5e278e89919430d60183a1174163.jpg

Старшыня савета грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што “рэфарматары” ва ўладзе і апазіцыя павінны аб'яднаць свае намаганні, а вулічныя пратэсты на цяперашнім этапе могуць быць нават шкоднымі. З такім нечаканым тэзісам палітык выступіў на канферэнцыі, прысвечанай найбольш важным падзеям у Беларусі і рэгіёне ў 2015 годзе. Канферэнцыю праводзіў Belarus Security Blog.

Дзмітрыеў лічыць, што ўнутры ўлады і апазіцыі пачаўся падзел на "рэтраградаў" і "рэфарматараў". "Рэтраграды" ва ўладзе і апазіцыі нічога змяняць не жадаюць. А "рэфарматары" нацэлены на змены і зацікаўлены ў павелічэнні грамадскага ўдзелу ў палітычных працэсах. Таму важна каб "рэфарматары", незалежна ад іх палітычных поглядаў, маглі працаваць у адным кірунку, перадае Радыё "Свабода" меркаванне Дзмітрыева.

Палітык лічыць, што "рэфарматарам" ва ўладзе сёння патрэбна падтрымка грамадства. У іх няма сіл і няма ўнутраных рэсурсаў ўнутры сістэмы, каб прасоўваць свае ідэі. Тое ж самае, на яго думку, адбываецца і ўнутры апазіцыі. "Рэфарматарам" з боку ўлады Дзмітрыеў лічыць, напрыклад, памочніка прэзідэнта Кірыла Рудога, а ў апазіцыі — кампанію "Гавары праўду".

Разам з тым Дзмітрыеў паведаміў, што вулічныя пратэсты на гэтым этапе могуць быць шкоднымі, калі яны будуць непадрыхтаванымі і малалікімі.

"Лепш зрабіць адну акцыю ў тры месяцы, але каб яна сапраўды сабрала людзей, каб яна сапраўды была падрыхтавана, сапраўды дэманстравала запыт на рэформы і перамены. Гэта лепш, чым "часцей", бегаць па вуліцах, а фактычна толькі дэманстраваць сваю слабасць", — кажа палітык.

Паводле: Белорусский партизан