Андрэй Пачобут: Ціск на незалежныя СМІ працягваецца
Сёняшнія рэпрэсіі — галоўны падмурак стабільнасці сёняшняй улады, лічыць журналіст і публіцыст Андрэй Пачобут.
Нагадаем, што Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці 12 чэрвеня пачало ў дачыненні да дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса па факце ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры.
Андрэй Пачобут пракаментаваў гэта “Радыё Рацыя”:
— Думаю, гэтая справа — працяг ціску на незалежную прэсу. Спачатку быў наступ на Белсат (зрэшты, журналістаў працягваюць прэсаваць і да гэтага часу), потом пайшла блакіроўка незалежных парталаў, цяпер узяліся за БелаПАН. Мэта, як мне падаецца, вельмі простая — дасягнуць цішыні ў эфіры ва ўмовах гаспадарчага крызіса. Сёняшнія рэпрэсіі — галоўны падмурак стабільнасці сёняшняй улады.
— Але навошта яшчэ адна справа з палітычным адценнем ва ўмовах, калі трэба паляпшаць стасункі з Захадам?
— Абвінавачванні датычацца фінансаў, а гэта дазваляе пераконваць Захад у тым, што справа — чысты крымінал. Але мы добра ведаем, што такія справы маюць іншыя прычыны.
Кастусь Заблоцкі,
Беларускае Радыё Рацыя