Андрэй Казакевіч: Экспертнай супольнасці Беларусі трэба выходзіць з ізаляцыі
У літоўскім Коўна завяршыў сваю працу VI Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
Каля 500 чалавек прыняі ўдзел у мерапрыемстве. Цягам трох дзён з 8-га па 10-га кастрычніка ў Літве абмяркоўвалі найноўшыя актуальныя даследаванні, прысвечаныя палітычнай і сацыяльнай тэматыцы.
Старшыня арганізацыйнага каміэта Кангрэса, кіраўнік Інстытута палітычных даследаванняў "Палітчная сфера" Андрэй Казакевічпадзяліўся са Службай iнфармацыi "ЕўраБеларусi" ацэнкамі працы слетняга Кангрэса:
— Найперш мы планавалі Кангрэс як адкрытую пляцоўку для абмеркавання сучасных даследаванняў і іх вынікаў. Ён робіць для грамадства вынікі даследаванняў больш адкрытымі, а акадэмічную супольнасць больш якаснай, узбагачвае беларускую культуру. Найперш, варта адзначыць, што праца Кангрэса дае больш яснае разуменне, што адбываецца ў Беларусі. І, канешне ж, раскручвае, калі так можна сказаць, пэўных людзей, якія без наяўнасці адпаведных пляцовак у Беларусі засталіся б проста незаўважнымі і былі б вядомымі выключна вузкаму колу знаўцаў.
— Калі падобныя мерапрыемтсвы маюць вялікую акутальнасць, чаму іх не праводзяць у Беларусі? І ці дастаткова аднаго толькі Кангрэса?
— У Беларусі, сапраўды, нічога падобнага не адбываецца. Нажаль, з-за пэўнай палітычнай сітуацыі мы не можам быць упэўненымі ў бяспецы і магчымасці шырокага і непадцэнзурнага абмеркавання, якое дасяжнае ў Коўна. Чаму яшчэ — цяжка сказаць. Раз у чатыры гады праходзіць яшчэ Кангрэс беларусістаў. Але ён засяроджваецца выключна на класічнай гуманістыцы: літаратуры і лінгвістыцы. Калі мы толькі пачыналі Кангрэс, то спрабавалі неяк дамовіцца з яго арганізатарамі аб супрацы, але, на жаль, так нічога дагэтуль і не зрушылася. Але калi казаць пра "дастатковасць", то ў экспертных колах ёсць запатрабаванасць у сустрэчах, дзе збіраюцца адмыслоўцы з розных навуковых галін, з Беларусі і іншых краін. Найперш, патрэбны такія сустрэчы, каб было развіццё, і каб яны адбываліся рэгулярна, а не раз на 4 гады.
— Як вы ацэньваеце сёлетняю працу Кангрэса?
— Праца была надзвычай паспяховая. Шмат удзельнікаў з розных краін свету. Ажно траціна гасцей былі замежнікамі і дзве траціны — з Беларусі. Па водгуках каардынатараў панелей і даследчыкаў, былі надзвычай цікавыя абмеркаванні вузкіх тэм. Мы радыя, што прадаставілі даследчыкам магчымасць непадцэнзурнага і шырокага абмеркавання. Спадзяемся, што матэрыялы дыскусiй і прэзентацый мы зможам шырока выкласці ў СМІ і ў сеціва.
— Гэта ўжо шосты Кангрэс — як вы мяркуеце, ці змяніліся палітычныя даследаванні за гэты час?
— Сапраўды, за апошнія 5 гадоў шмат што змянілася. Паўстаў цэлы шэраг даследніцкіх устаноў і ініцыятыў. Мы бачым, што вырастае новая генерацыя аналітыкаў. Экспертная супольнасць выглядае цяпер больш умацаванай і задзіночанай, уздымаецца большы спектр праблем. Агулам варта адзначыць, што як раз Кангрэс даследчыкаў Беларусі спрыяе ўмацаванню беларускай экспертнай супольнасці і пашырэнню яе ўплыву.
— Ці вы думалі, што за гэтыя гады Кангрэс гэтак разбудуецца?
— Першапачаткова мы разлічвалі на вузкія сустрэчы на 50-100 чалавек. Але штогод усё большая колькасць даследчыкаў падавала заяўкі і рэфераты да ўдзелу. Таму мы можам адзначыць, што фенаменальна Кангрэс будуецца не "па жалезным плане", але з-за патрэбы.
— Вы адзначалі, што асаблівую ўвагу на Кангрэсе аддавалі даследаванням расійскай знешняй палітыцы і сітуацыі ў рэгіёне Усходняй Еўропы.
— Гэта пытанне сёння турбуе абсалютна ўсіх. Рэгіён адыходзіць ад шоку, які распачаўся два гады таму. Варта выбудоўваць новыя правілы гульні і сістэму бяспекі. Абмеркаванні гэтых аспектаў важныя для фармавання экспертнага меркавання і яго далейшага ўплыву на знешняю палітыку ў рэгіёне.
— А што б вы яшчэ адзначылі?
— Асабліва ўражлівымі былі даклады Ананкі і Паротнікава адносна ўзбраенняў і стану беларускага ВПК. Надзвычай цікавым быў разгляд постсавецкай прасторы, інтэграцыйных і дэзінтэграцыйных працэсаў у рэгіёне, працэсы кааперацыі, гандлю і эканамічнага партнерства. Агулам мы можам адзначыць, што цяпер у рэгіёне ўсё меньшае значэнне маюць доўгатэрміновыя стратэгіі. Гэта значыць, што меньшы ўплыў маюць працэсы еўрапейскай і еўраазіяцкай інтэграцыі на карысць вузкіх інтарэсаў.