Алесь Бяляцкі: Некалі на гэтым доме будуць шыльды Генадзю Бураўкіну і “Вясне”

Раніцай 30 траўня гэты свет пакінуў  выдатны беларускі паэт Генадзь Бураўкін. Ва ўзросце 77 гадоў ён памёр у сваёй кватэры.



buraukin.jpg

Доўгі час кватэра Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна размяшчалася над  офісам Праваабарончага цэнтру “Вясна”, канфіскаванага па рашэнню судовых органаў у лістападзе 2012 года ў межах крымінальнага пераследу кіраўніка арганізацыі, праваабаронцы і літаратара Алеся Бяляцкага.

 

На працягу 12 год Генадзь Бураўкін нярэдка, па-суседству, наведваў “вясноўцаў”, перадаваў праз іх свае кнігі гасцям “Вясны”, цікавіўся праваабарончымі выданнямі. Неяк нават публічна прызнаўся, што жыве над “Вясной”. Ад’язджаючы надоўга на лецішча, прасіў забіраць з паштовае скрыні карэспандэнцыю і захоўваць да ягонага вяртання.

 

Пад час масавых ператрусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, калі разам са многімі грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі “трэслі” “Вясну”, прапаноўваў пераседзець навалу ў сваёй кватэры.

 

Генадзя Бураўкіна моцна ўзрушыла затрыманне і суд над старшынёй Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім. Ён шчыра цікавіўся тым, як праходзіць судовы працэс, суперажываў з калегамі і сябрамі праваабаронцы. У мінулым годзе, пад час прэзентацыі кнігі праваабаронцы і пісьменніка Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”, Генадзь Бураўкін падзяліўся з удзельнікамі імпрэзы сваім бачаннем асобы Алеся Бяляцкага, яго праваабарончай і літаратурнай дзейнасці.

 

Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, дзяліўся сваімі марамі пра будучае і казаў: “Некалі на гэтым доме будуць усталяваныя шыльды, прысвечаныя Генадзю Бураўкіну і “Вясне”.

 

 

spring96.org
http://spring96.org/be/news/71353