Актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк прысудзілі да двух гадоў калоніі
Справу актывісткі Незалежнага прафсаюза РЭП разгледзелі за адзін дзень.
Затрыманую ў Дзень Волі актывістку прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк прысудзілі да двух гадоў калоніі, паведамляюць прадстаўнікі прафсаюза. Яе абвінавацілі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі: «абраза Лукашэнкі».
Справу Зінаіды Міхнюк разгледзелі ў судзе за адзін дзень. Прысуд у судзе Ленінскага раёна Брэста вынес суддзя Андрэй Грушко.
Нагадаем, 25 сакавіка 2022 года сілавікі ўламіліся ў дом актывісткі праз акно. Яны правялі ператрус і затрымалі гаспадыню дома. У лістах з-за кратаў вязні брэсцкага СІЗА, дзе ўтрымлівалася Зінаіда Міхнюк, пісалі, што яе абвінавачваюць на аснове матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў доме актывісткі прафсаюза РЭП.
Праваабаронцы прызналі жанчыну палітзняволенай.