Актывістаў «рыхтуюць» да выбараў пры дапамозе прафілактычных гутарак
Вячаславу Касінераву, актывісту незарэгістраванай арганізацыі «Пошуг», вечарам 30 жніўня на хатні тэлефон патэлефанаваў участковы інспектар. Паколькі актывіста дома ў гэты час не было, ён паведаміў сваякам, што міліцыі неабходна прыняць прэвентыўныя меры да Вячаслава. Маўляў, участковаму прыйшло ўказанне з Маскоўскага РУУСа сталіцы правесці прафілактычныя гутаркі з усімі сваякамі Вячаслава.
Пры гэтым участковы адмовіўся называць сваё імя, а таксама пасаду таго, хто даў такое ўказанне. Родныя Вячаслава адмовіліся ад такой навязлівай «прапановы».
Вячаслаў Касінераў звязвае цікаўнасць сілавікоў да сваёй персоны з набліжэннем галасавання на парламенцкіх выбарах.
— Раней існавала практыка саджаць актывістаў розных нефармальных аб'яднанняў (ад фанатаў да аматараў андэграўнднай музычнай сцэны) на суткі. Вельмі відавочна гэта праявілася падчас чэмпіянату свету па хакеі, калі большасць маіх сяброў былі «закрытыя» за «лаянку і супраціў». Зараз на суткі не саджаюць, нягледзячы на тое, што распачынаюцца сапраўдныя рэпрэсіі, з рэальнымі тэрмінамі. Але відавочна, што па меркаванні рэпрэсіўных органаў актыўная моладзь, якую няма за што абвінаваціць крымінальна, павінна знаходзіцца ў напружанні і страху. Дзеля гэтага і праводзяцца нефармальныя і «прафілактычныя» размовы з самімі актывістамі, а таксама і з іх сваякамі, што з'яўляецца асабліва подлымі метадамі ўздзеяння з боку сілавікоў.
Застаецца спадзявацца, што на гэты раз супрацоўнікі міліцыі абыйдуцца толькі прафілактычнымі гутаркамі, не прыбягаючы да больш рэпрэсіўных мер.
Паводле spring96.org