Актывіста Вінярскага пасля турмы забралі ў міліцыю на прафілактычную гутарку
Сябры і паплечнікі не змаглі сустрэць на волі актывіста кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, які сёння а 8-й раніцы павінен быў выйсці з турмы на Акрэсціна пасля 10-суткавага арышту.
Ягоны паплечнік Леанід Кулакоў расказаў “Радыё Свабода”, што ў прызначаны час так і не дачакаліся актывіста пад турэмнай брамай на Акрэсьціна.
Пазней высветлілася, што яго таемна перавезлі на прафілактычную гутарку ў міліцыю.
«Арыштавалі Максіма а 8-й раніцы, хоць ягонай сястры напярэдадні сказалі, што па паперах час зрушаны на гадзіну пазней, — кажа спадар Кулакоў. — Мы прыехалі загадзя, дачакаліся 9-й, а яго няма і няма. Патэлефанавалі ў ЦІП, там адказалі, што „выбыў пасля завяршэння тэрміну адбыцця пакарання“. Але ж мы яго не бачылі! Аказваецца, вывезлі адтуль загадзя ў Маскоўскае РУУС — маўляў, на прафілактычную гутарку. І папярэдзілі: будзеш тут да таго часу, пакуль не „нагаворымся“. На што Максім адказаў: можаце хоць да скону трымаць, але ніякай гутаркі не атрымаецца. Цяпер вось чакаем яго дома...»
Тацяна Кузьмінічна, маці Максіма, падлічыла: у сярэдзіне кастрычніка розных арыштаў яе сына назбіралася на цэлы год:
«14 кастрычніка быў 365-ы дзень, які ён правёў ва ўмовах кшталту турмы на Акрэсціна. Вось такі юбілей. А тым часам і год мінуў, бо сёння ўжо 23-га... Дарэчы, аднойчы ў нас ужо было, што мы пісалі заяву ў міліцыю пра пошук Максіма — мусіў выйсці і не выйшаў.
Сёння вось ім захацелася звазіць яго на так званую прафілактычную гутарку. А ўрэшце сказалі: паколькі сёння ён на яе не настроены, то гутарка адбудзецца ў іншы дзень — маўляў, з ім яшчэ звяжуцца».
Максім Вінярскі быў затрыманы ў Мінску 13 кастрычніка. Раніцай ён выйшаў выгуляць сабаку, у гэты момант да яго падбеглі чатыры чалавекі, схапілі і пасадзілі ў аўтамабіль.
Маскоўскі суд асудзіў яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост артыкулу, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У ізалятар на Акрэсціна актывіста «Еўрапейскай Беларусі» забралі проста з суду.
Перад пасяджэннем Вінярскі выказваў думку, што яго збіраюцца ізаляваць напярэдадні акцыі пратэсту 21 кастрычніка.