Актывіст ТБМ: Там, дзе ёсць беларусы, павінна быць і беларуская мова
27 чэрвеня 1989 года ў Мінску была створана адна з найстарэйшых няўрадавых арганізацый Беларусі – Таварыства беларускай мовы. Мэтай аб’яднання сталася культурна-асветніцкая дзейнасць у галіне адраджэння беларускай мовы. Вядома, што 8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў ліквідаваць ТБМ. Аднак актывісты спыняцца не збіраюцца.
«Радыё Рацыя» пагутарыла з сябрам суполкі Таварыства беларускай мовы ў Лодзі Вадзімам Шышко пра тое, якім чынам ТБМ існуе зараз і ці плануецца аднавіць арганізацыю ў Новай Беларусі, у чым асаблівасць існавання суполкі ТБМ у Польшчы. Не абышлося і без віншавання да 34-годдзя заснавання арганізацыі.
– Калі так сказаць, я прадстаўляю ТБМ у цэлым, — адзначае Вадзім Шышко. — Гэта ўсё стваралася таму, што ў мяне было вялікае абурэнне. Увогуле я аднавіў ТБМ, забарона ўсіх арганізацый была ў 2021 годзе, ТБМ забаранілі адным з апошніх, гэта было восень 2021 года. Я сачыў уважліва за гэтым, я ў складзе ТБМ быў у Беларусі шмат гадоў.
Гэта ж не Лукашэнка ствараў, гэта Ніл Гілевіч ствараў яшчэ да Лукашэнкі. Зразумела, што Лукашэнка чалавек беспрынцыпны, яму ўсё роўна сваё ці не сваё, ён знішчае ўсё беларускае, проста ўсё беларускае. Таму калі ён знішчыў ТБМ, то першае маё адчуванне гэта было абурэнне.
У Лодзі ўжо ТБМ існавала, але суполка была на аматарскім узроўні. Калі афіцыйна ТБМ у Беларусі знішчылі, тады я зразумеў, што жарты скончыліся, трэба сур’ёзна за справу прымацца, ужо не на аматарскім узроўні. Для мяне было такім стымулам, што нас не знішчыш. У 2021 годзе я шчыльна заняўся аднаўленнем ТБМ.
— Колькі суполак ТБМ існуе? Што вядома?
– Я дакладна не ведаю, бо я стараюся лішні раз не звязвацца з сябрамі ТБМ у Беларусі. То-бок з той самай Аленай Анісім, у нас былі з ёй стасункі, але ТБМ яны не тычыліся. Калі я аднаўляў ТБМ, то нічога не казаў, бо разумеў, што калі пачну яе прасіць пра кансультацыю ці дапамогу, то паколькі яна знаходзіцца ў Беларусі, калі яе затрымаюць, то ёй змогуць прыпісаць што заўгодна. Што яна стварала экстрэмісцкія арганізацыі за мяжой, што заўгодна. Каб такога не было, ёй проста нічога не казаў.
На дадзены момант, я ведаю, што яе ўжо затрымлівалі, то-бок яна ўжо знаходзіцца ў групе рызыкі, цяпер я з ёй кантактаў не маю.
Падобна, што ТБМ у Беларусі лакальна існавала. У час яе стварэння з’яўляліся нейкія суполкі, але гэта было падчас развалу Савецкага Саюза, калі шмат беларусаў жыло на тэрыторыі СССР. Пасля развалу беларусы сабраліся да кучы і ў былых савецкіх рэспубліках суполкі ТБМ зніклі.
Калі мы аднавілі таварыства тут, то ў Лодзі я ТБМ не прадстаўляю, прадстаўляюць ужо іншыя людзі. Я цяпер канцэнтруюся на тым, каб ствараць суполкі ТБМ у іншых гарадах Польшчы. На дадзены момант ідзе праца ў Варшаве і Беластоку. Чым нас больш, тым лепш. Там, дзе ёсць беларусы, павінна быць беларуская мова.
—У Беластоку вы трымаеце кантакт з беларускай дыяспарай?
– У мяне з Беластокам да аднаўлення ТБМ увогуле не было ніякіх знаёмых. У мяне і ў Польшчы, пакуль я тут не з’явіўся, таксама знаёмых не было. На дадзены момант гэта такія ж самыя «экстрэмісты», якія з’ехалі пасля 2020 года. Яны на месцы падцягваюць старажылаў.