Аксана Шэлест: беларускі пратэст — змястоўны і сталы
Беларусы выходзяць на вуліцы за вяртанне права выбару, гэта не выхад «проста супраць», як лічаць многія як сярод тых, хто спачувае пратэстам, так і сярод праціўнікаў беларускай рэвалюцыі, адзначае Thinktanks.by.
Даследаванне пратэснай актыўнасці беларусаў «Голас вуліцы» цяпер перайшло ў новую фазу. «Голас вуліцы» — якаснае даследаванне, накіраванае на вывучэнне матываў, патрабаванняў, палітычных поглядаў удзельнікаў беларускіх пратэстаў. Яно заснаванае на спалучэнні аналізу даследчых інтэрв'ю, аналізу СМІ і ўключанага назірання на акцыях пратэсту.
Як адзначыла ў інтэрв'ю Thinktanks.by старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, каардынатар даследавання Аксана Шэлест, ужо можна казаць пра пэўныя высновы пасля чатырох тыдняў маніторынгу пратэстаў. Напрыклад, пра тое, што сцвярджэнні пра беззмястоўнасць або няспеласць беларускага пратэсту, беспадстаўныя.
Ціханоўская як сімвал, а не прэзідэнт
Па словах Аксаны Шэлест, «на чацвёртым тыдні маніторынгу стала відавочна лішнім пытацца, за каго рэспандэнты галасавалі 9 жніўня, гэта быў адназначны адказ: Святлана Ціханоўская, хоць былі і адзінкавыя згадкі іншых кандыдатаў, а таксама кандыдата «супраць усіх». Пры гэтым неабходна адзначыць, што першапачаткова гэтыя людзі планавалі галасаваць за Віктара Бабарыку або за Валерыя Цапкалу. «Калі казаць пра Ціханоўскую, то нам сустракаліся як скептыкі, такі і захопленыя яе прыхільнікі, але сыходзіліся яны ў адным — усе яны ўспрымаюць яе як адзінага кандыдата, які дае шанец на змену сітуацыі, як чалавека, які паручыўся за правядзенне новых выбараў, гэта значыць, у вачах удзельнікаў пратэсту не абавязкова прэзідэнта, які будзе кіраваць дзяржавай, для абсалютнай большасці — гэта кандыдат пераменаў», — сказала Аксана Шэлест.
«Гэта чалавек, падтрымаўшы якога, беларусы падтрымалі свой рух да новых сумленных выбараў, бо ўсе разумелі, што выбары не будуць сумленнымі і справядлівымі яшчэ да дня галасавання. Кандыдаты былі зняволеныя, знятыя і не дапушчаныя да галасавання, было відавочна, што гэтыя выбары не з'яўляюцца выбарамі як такімі. Таму цяпер, як мне здаецца, гэта не вельмі правільнае пытанне — хто ваш кандыдат у прэзідэнты. Калі мы дойдзем да сітуацыі новых выбараў, відавочна, што ў гэтым полі могуць з'явіцца цалкам новыя персоны», — адзначыла сацыёлаг.
Як сталыя людзі
Аксана Шэлест адзначае, што папярэднія вынікі даследавання дазваляюць абвергнуць некаторыя папулярныя папрокі на адрас беларускага супраціву. «Цяпер адзін з самых распаўсюджаных папрокаў з усіх бакоў, пачынаючы ад беларускай (альбо расійскай) прапаганды, заканчваючы суседзямі з Расіі, Украіны, заходніх краін, якія нам спачуваюць, — беззмястоўнасць пратэсту, маўляў, вось толькі беларусы проста супраць, а што ў парадку “за”? Але гэта лёгка растлумачыць. Людзі цяпер — за вяртанне права выбару. І новыя сумленныя і празрыстыя выбары — гэта не толькі пра тое, што галасы беларусаў сумленна палічаць, гэта пра сітуацыю, у якой мы зможам убачыць на самай справе рэальных кандыдатаў на кіраванне гэтай краінай, з нармальнымі праграмамі і перспектывай», — сказала Аксана Шэлест.
Пакуль вынік не дасягнуты, «абмяркоўваць, якія эканамічныя рэформы мы хочам або які геапалітычны выбар зробіць краіна — можна і трэба рабіць у форме грамадскай дыскусіі, але не як кансалідаваныя патрабаванні». «Прывязваць да вяртання самой магчымасці выбару дадатковыя опцыі — гэта раскалоцца ў гэтым руху. Таму цяпер, як бы камусьці ні здаваўся пустым беларускі пратэст, ён выглядае і з'яўляецца вельмі дарослым. Гэта вельмі сталае, дарослае стаўленне да праблемы — давайце, мы спачатку прыбярэм перашкоду ў ажыццяўленні сваіх канстытуцыйных правоў, а потым сапраўды большасцю, згодна з цывілізаванай працэдурай і праз дыялог вырашым, як жа будзе жыць краіна, у які бок яна пойдзе, у якім кірунку будзе развівацца і як будзе спраўляцца з праблемамі», — адзначыла Аксана Шэлест.
Бліжэйшым часам Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі (ЦЕТ) распачне даследаванне, прысвечанае іншым аспектам пратэставай актыўнасці беларусаў.
Сяргей Запрудскі, Thinktanks.by