НАН РБ адмовілася перадаваць музею Багдановіча аўтографы паэта з-за будучай рэарганізацыі музея

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі адмовілася перадаваць Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Максіма Багдановіча ў Мінску аўтографы паэта, баючыся за захаванасць фондаў у сувязі з будучай рэарганізацыяй гэтай музейнай установы.



bagdanovich.jpg

Пра гэта на ўмовах ананімнасці паведаміла супрацоўніца музея Багдановіча, якая 10 студзеня выступіла на літаратурна-музычнай імпрэзе ў сталічнай "Арт-сядзібе" ў межах кампаніі па абароне музея.
Музей Багдановіча, як і Літаратурны музей Петруся Броўкі, да 1 красавіка будзе пераўтвораны ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паводле адпаведнага загаду міністэрства ад 4 студзеня гэтага года.
"Акадэмія навук, даведаўшыся пра тое, што мы будзем невядома кім, філіялам ці якімсьці аддзелам, адмовілася ад гэтага кроку, пабаялася за тое, што будзе з нашым фондам", — сказала супрацоўніца музея.
Паводле яе словаў, рэарганізацыя музея, можа, і не адаб'ецца адмоўна на асобе Багдановіча, ён "застанецца самым любімым паэтам беларускага народа", але з-за гэтых зменаў "пацярпяць тыя людзі, якія неабыякавыя да музея, якія працуюць там не дзеля заробку ці "галачкі", а прыйшлі свядома працаваць на ніве беларускай культуры".
"З трыццаці навуковых супрацоўнікаў могуць застацца толькі чатыры ці пяць чалавек. З гэтага вынікае, што над тым жа самым мерапрыемствам, якое рабіў увесь навуковы калектыў, зараз будуць працаваць адзінкі", — адзначыла супрацоўніца музея.
Апроч таго, сказала яна, філіял не распараджаецца сродкамі, якія паступаюць на рахунак музея, а значыць, ёсць верагоднасць, што багата мерапрыемстваў перастануць фінансавацца і "ўзровень папулярызацыі творчасці Максіма Багдановіча, яго асобы будзе зменшаны". Асабліва музейныя супрацоўнікі занепакоеныя тым, што можа знікнуць традыцыйны фестываль "Ракуцёўскае лета", а таксама спыніцца практыка правядзення міжнародных канферэнцый, прысвечаных Максіму Багдановічу, якія ладзяцца пад эгідай музея.
"Магчыма, такога не будзе, але здаецца, што ўсё ідзе менавіта да гэтага. Паніжэнне статусу музея адаб'ецца на паніжэнні Багдановіча ў грамадстве як нацыянальнай асобы", — заявіла суразмоўца.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН