Адвакат: Марыі Калеснікавай пагражалі фізічнай расправай
Сёння з Марыяй Калеснікавай сустрэлася адвакат Людміла Казак. Яна распавяла некаторыя падрабязнасці сустрэчы, піша тэлеграм-канал штаба Віктара Бабарыкі.
Марыя адчувае сябе добра і бадзёра, нягледзячы на перажыты стрэс за апошнія двое сутак. У камеры ў яе шэсць суседак. У СІЗА Марыі аказвалі дапамогу: у яе падымаўся ціск і турбуе сэрца. На целе ёсць удары, пабольваюць рукі, бо яе сілай запіхвалі ў машыну і ўтрымлівалі. Адвакат мае намер звяртацца да следчага з заявай аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы.
7 верасня пасля затрымання каля Нацыянальнага мастацкага музея Марыю даставілі ў ГУБАЗіК, дзе яна правяла амаль паўдня. Затым прывезлі ў КДБ, дзе да позняга вечара ад яе патрабавалі пагадзіцца добраахвотна пакінуць Рэспубліку Беларусь. Пасля таго, як яна адмовілася, яе сілком вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу.
Людміла Казак звяртае ўвагу, што дакументаў аб затрыманні ў Марыі Калеснікавай на руках няма ніякіх. Ёй уручылі толькі пастанову аб абранні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, санкцыянаваную Генпракуратурай 8 верасня, у якой не пазначана кім, калі, дзе яна была затрыманая. У сувязі з чым незразумела, з якога часу вылічаць 10-дзённы тэрмін, устаноўлены для прад'яўлення абвінавачвання ў дачыненні да падазраванага, заключанага пад варту.
Марыя Калеснікава расцэньвае падзеі апошніх дзён як выкраданне — сур'ёзнае крымінальнае злачынства — і разам з адвакатам мае намер складаць звароты, каб былі выяўленыя ўсе вінаватыя ў яе выкраданні і гвалтоўным вывазе на мяжу. Усё, што распавяла Марыя адвакату, пацвярджае гісторыю Івана Краўцова і Антона Раднянкова, якіх прымушалі вывезці Марыю ва Украіну.
Марыя таксама сутыкнулася з пагрозамі фізічнай расправы, якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, успрымаць акрамя як рэальнымі не магла. Па фактах пагроз пазбаўлення жыцця Марыя таксама мае намер падаваць заявы.
Людміла Казак чакае, што заўтра раніцай адбудзецца допыт з удзелам Марыі Калеснікавай, якая знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч.3 арт. 361 КК. Увечары 9 верасня Аляксандр Калеснікаў змог перадаць дачцэ неабходныя рэчы.