Аднавілася талака ў Курапатах
Другі тыдзень па аўторках грамадскасць праводзіць талаку ў Курапатах. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі розных палітычных партый і грамадскіх ініцыятываў, у тым ліку і Беларускага руху.
Сярод удзельнікаў апошняй талакі — актывіст гэтага руху, ветэран беларускага нацыянальнага адраджэння Уладзімір Кішкурна. Прыкладна 15 гадоў таму ён паставіў ва ўрочышчы мемарыяльны
крыж у гонар сваіх дзядзькоў — Восіпа і Войцэха Кішкурнаў — ахвяраў сталінізму.
Пра трагічны лёс сваіх сваякоў распавядае Уладзімір Кішкурна:
“Абодва дзядзькі — мае землякі родам з вёсак Рудня і Барсукі былога Плешчаніцкага раёну, што на Міншчыне. Абодва загінулі ў Курапатах у 1938 годзе, як польскія шпіёны, і былі
рэабілітаваныя толькі пасля смерці тырана.
На пачатку XX стагоддзя дзядзька Восіп на Балтыйскім суднабудаўнічым заводзе ў Санкт-Пецярбургу вывучыўся на слесара па судовых рухавіках, працаваў там, а пасля Кастрычніцкага перавароту
вярнуўся на радзіму і з сям’ёю пасяліўся ў Маладэчне, дзе жылі бацькі жонкі. Пасля Рыжскай дамовы 1921 году і падзелу радзімы апынуўся з сям’ёю ў Заходняй Беларусі. Паколькі
дзядзька быў чалавекам сацыял-дэмакратычных поглядаў, хутка стаў актывістам КПЗБ. Пад уздзеяннем савецкай прапаганды дзядзька Восіп разам з жонкай і сынам вырашылі нелегальна перайсці
польска-савецкую мяжу, каб жыць у Савецкай Беларусі. На пачатку 1930-х гадоў яны здзейснілі сваю мару і напачатку даволі някепска ўладкаваліся ў Менску — атрымалі кватэру і ўладкаваліся на
мясцовым вагонарамонтным заводзе. Тут працаваў і мой другі дзядзька Войцэх, родныя якога жылі ў Плешчаніцах пры самой савецка-польскай мяжы. Гэты дзядзька вымушаны быў шукаць заробак ў сталіцы
Беларусі, бо зямля, што атрымала ягоная вялікая сям’я пасля грамадзянскай вайны, не магла пракарміць шматлікіх едакоў…
Дарэчы, і мой бацька Герасім ледзьве не загінуў у сталінскіх засценках. Ён вельмі любіў абрабляць зямлю, спадзяваўся, што яе бальшавікі аддадуць сялянам. Таму падчас Грамадзянскай вайны пайшоў у
Чырвоную Армію. Пасля таго, як скончылася вайна, бацька імкнуўся як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на тое, што ў Маскве захварэў тыфам. Да Барысава ехаў цягніком, што быў увесь аблеплены
дэмабілізаванымі, якія забілі вагоны, віселі на падножках і трэсліся на вагонных дахах. Усе ехалі з адной думкай — пасьпець на Бацькаўшчыну да надзелу сялян зямлёю. Калі ж энкавэдысты
забралі Восіпа і Войцэха, таксама хацелі арыштаваць і бацьку, які працаваў у Плешчаніцкім леспрамгасе. І выратаваў яго таварыш Лукашэвіч – будучы сакратар прэзідыюму Вярхоўнага Савета БССР,
які ў другой палове 1930-х гадоў займаў пасаду намесніка камандзіра памежнай заставы па палітычнай частцы ў Плешчаніцах і добра ведаў бацьку. Менавіта Лукашэвіч пераканаў энкавэдыстаў, што бацька
увесь час працаваў у Плешчаніцах і ніколі нікуды не адлучаўся. У іншым выпадку і Герасім Кішкурна падзяліў бы лёс сваіх братоў…
Толькі пад час перабудовы я дазнаўся, што мае дзядзькі Восіп і Войцэх загінулі ў Курапатах. Дарэчы, пра гэта было напісана ў адным з нумароў газеты “Вячэрні Мінск”.