«Адчула сябе важнай і патрэбнай». Як ГУБАЗіК затрымаў псіхолага – «адміністратарку дэструктыўнага тэлеграм-чату»
МУС заявіла, што ў Гомлі затрымалі «адміністратарку дэструктыўнага тэлеграм-чату». На відэа ГУБАЗіК– 38-гадовая жанчына, якая спакойна адказвае на пытанні пра Telegram: «Навошта вам мая асабістая інфармацыя? Гэта маё прыватнае жыццё».
Свабода пагутарыла з затрыманай. Гэта вядомы ў Гомлі псіхолаг Зоя Кавалькова. Яна расказала:
пра сваё затрыманне;пра міліцыянтаў, якія «ламалі» яе;як зберагчы псіхічнае здароўе;як не паддацца паніцы і ня «здаць» сябе і іншых, трапіўшы ў пастарунак.
«Удзельнікі віртуальнай суполкі абмяркоўвалі паміж сабой пратэсты, каардынавалі дзеянні ў час так званых дваровых і раённых маршаў». На жанчыну склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі.
Трапіла ў міліцыю за «адзенне палітычных колераў»
Першы раз Зоя Кавалькова трапіла ў міліцыю ў кастрычніку. Напярэдадні Дня настаўніка яна з прыяцелькамі ўскладала кветкі да помніка графіні, мецэнатцы Ірыне Паскевіч. Іх затрымаў АМАП. У рапарце міліцыянты напісалі, што жанчыны былі ў «адзенні палітычных колераў» і ўскладалі кветкі да помніка нейкаму Сускевічу. Тады псіхолаг правяла 10 гадзін у РАУС. Справа да суду не дайшла.
Увосень Зоя актыўна збірала подпісы за адкліканне дэпутата Віталя Уткіна.
«Я збірала подпісы адкрыта, галосна. У мяне з сабой была паперка ад МУС, што подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата, збіраць не забаронена. Дарэчы, цяпер я думаю, што гэтыя «прыгоды« з ГУБАЗіК – магчыма, помста дэпутата за маю актыўную пазіцыю», – кажа жыхарка Гомля.
Ад пачатку пратэстаў яна размясціла ў сацыяльных сетках абвестку, што пацярпелым ад міліцэйскага гвалту аказвае псіхалагічную дапамогу бясплатна.
«Я вырашыла дапамагаць людзям тым, чым я магу. Многія беларусы зазналі псіхалагічны ціск, гвалт, і ім проста неабходная дапамога спецыяліста, каб у бяспечнай атмасферы перажыць гэта ўсё», – дадае Зоя.
Два тыдні таму яе дапыталі ў СК як сведку ў нейкай крымінальнай справе.
«Я дала падпіску аб невыдаванні. Адзінае, што магу сказаць – у гэтай справе выклікалі ўсіх, хто збіраў подпісы за тое, каб адклікаць дэпутата па розных акругах Гомля. Мне ў СК задалі дваццаць шэсць пытанняў. Я на іх адказала», – удакладніла Зоя.
«Перада мной выраслі дзве вялізныя фігуры ў чорных масках»
18 сакавіка Зоя паехала на таксі на працу. Толькі выйшла з аўтамабіля – і перад ёй «выраслі дзве вялізныя фігуры ў чорных масках».
«Махнулі перад тварам пасведчаннем, папрасілі мае дакументы. Глянулі, адзін другому сказаў: «Так» – і мяне павезлі на Чырвонаармейскую. Там размешчаны аддзел транспартнай міліцыі – афіцыйна. Неафіцыйна там мяне дапытвалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Затрыманне адбылося так хутка, што я была ў шоку. Мне не далі патэлефанаваць кліентцы, якая мяне чакала. Не дазволілі патэлефанаваць мужу, непаўналетняй дачцэ. У аддзеле я адмаўлялася размаўляць з імі. Я казала, каб мне паказалі паперу. Бо ў нас такая дзяржава – на кожны крок павінна быць папера. Паперы не было, таму я спасылалася на артыкул 27 Канстытуцыі – ня сведчыць супраць сябе», – успамінае псіхолаг.
«Гэта быў суцэльны газлайтынг (форма псіхалагічнага ціску. – РС). Яны ўсё перакручвалі. Палохалі мяне ІЧУ, пагражалі крымінальнай справай, зачытвалі вытрымкі з тэлеграм-чату. Яны неяк праніклі ў закрыты чат. У нас там нічога такога не было. Проста засталіся людзі, якія ставілі свае подпісы супраць дэпутата. Абмяркоўвалі мы там ня тактыку і стратэгію пратэстаў, а побытавыя рэчы! Часам нехта кідаў якія-небудзь спасылкі. Карацей, яны чатыры гадзіны лілі мне ў вушы ўсялякае трызненне – пра блакаванне чыгункі, яшчэ нешта; дапытваліся, хто ў тым чаце», – кажа псіхолаг.
«Адрэжам палец і прыкладзём да тэлефона»
Супрацоўнікі міліцыі нават згадвалі Фрэйда – з негатыўнай канатацыяй у бок Зоі.
«Што яны толькі не гарадзілі... Што Фрэйд пісаў пра сексуальны аспект, што жанчыны ўдзельнічаюць у пратэстах, таму што яны не задаволеныя ў сексе. У іх былі такія жарты: «Вось не даяце доступ да тэлефона – адрэжам ваш палец і прыкладзём. Хаця ён жа будзе акрываўлены, дык можа не спрацаваць». І «гы-гы» пры гэтым. Я не давала паказанняў, бо маю такое канстытуцыйнае права. Тады яны селі ўдвух, гарталі тэлеграм-чат і перамаўляліся паміж сабой, але так, каб чула я, што «Гэта цягне на крыміналку». Думалі, што я пачну хвалявацца і пачну тады гаварыць. Але я сядзела, лічыла дошкі на паркеце, квадраты на столі, малілася, у думках хадзіла па сваёй кватэры, па вёсцы – усялякім чынам абстрагавалася ад сітуацыі. Яны казалі мне, што я «нейкая дзіўная, нудная, і ці сапраўдны псіхолаг». Выпытвалі ў мяне, што гавораць мне людзі, якія звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу. То бок людзі наогул ня ведаюць пра канфідэнцыйную інфармацыю, этычныя нормы! Потым адзін другому сказаў ціха: «Я лічу, тут ня варта звязвацца» – і мяне павезлі ў Чыгуначны РАУС», – расказала Зоя.
У РАУС яна даведалася, што на яе склалі два пратаколы. Нібыта ранкам яна крычала матам, размахвала рукамі і «парушала спакой грамадзян», а калі да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі – аказала непадпарадкаванне: «кінулася наўцёкі і спрабавала ўчыніць бойку».
«І гэта ўсё разам – і ўцякала, і тут жа бойку спрабавала ўчыніць! Яшчэ ў пратаколе напісалі, што я нібыта плявалася! Гэта такі абсурд! Я казала ў РАУС, каб мяне пакінулі ў спакоі, што такія абвінавачанні – гэта проста абсурд! Мяне там «накрыла», я проста расплакалася ад абсурднасці – як можна такі паклёп узводзіць пра маты, пра тое, што я не падпарадкавалася? Без аніякіх падстаў! Тым больш па новым заканадаўстве мяне не павінны былі трымаць больш за тры гадзіны, а я правяла ледзь ня дзень у міліцыі», – кажа Зоя.
Урэшце яе адпусцілі з РАУС. Справу накіравалі на дапрацоўку, і, мусіць, будзе суд.
Парады псіхолага затрыманым
Зоя кажа, што надта важна ў першыя хвіліны пасля затрымання «ўключыць у сабе дарослую субасобу».
«Гэта значыць – што я маю і што магу з гэтым зрабіць. Рэальнасць і дзеянні з гэтай рэальнасцю. Калі я пачынаю палохацца таго, што яшчэ не адбылося – я раблю няправільныя дзеянні. Ёсць гэтыя людзі, ёсць я, і ёсць 27 артыкул Канстытуцыі», – тлумачыць псіхолаг.
Яна раіць людзям паводзіць сябе стрымана, ветліва, карэктна, не падвышаць голас, размаўляць манатонна і марудна – гэта дапамагае не развіцца паніцы, «не адпраўляць свой страх на тое, што яшчэ не адбылося».
«Ня варта размаўляць без дакумента. Ёсць дакумент – ёсць размова», – дадае Зоя.
Важна дыхаць правільна – «слухаць, як удыхаю і выдыхаю», памятаць пра «тут і цяпер».
«Калі пачынаюць «душыць, ламаць, маніпуляваць» – не паддавацца. Яны хлусяць і будуць хлусіць – такі ў іх метад працы, такі спосаб. Можна проста заткнуць вушы і ня слухаць іх. І праводзіць «зазямленне»: «Тут і цяпер я ўсведамляю крэсла, тумбачку, вакно, падлогу» – тады ў галаву не ўваходзіць непатрэбная інфармацыя, гэтая хлусня і маніпуляцыі, якой яны спрабуюць душыць. Варта ўзгадваць прыемныя моманты, падарожнічаць у думках, напрыклад, па сваёй кватэры», – кажа псіхолаг.
Яна раіць людзям звяртацца са сваімі праблемамі да спецыялістаў, якія дапамогуць перажыць пэўныя эмоцыі ў бяспечным асяроддзі.
«Трэба ўсё гэта прагаворваць, перажываць тое, што не перажылі тады – гнеў, крыўду, злосць. Рваць паперу, крычаць, тупаць нагамі... Бо калі тады, напрыклад, пры затрыманні, гэтага не маглі зрабіць – то трэба потым. Інакш гэтая сітуацыя будзе разбураць цела, здароўе», – кажа Зоя.
Пра сябе яна дадала, што была вельмі ўсцешаная падтрымкай беларусаў пасля «інцыдэнту» ў ГУБАЗіК.
«Мне столькі людзей напісалі, падтрымалі. Мы такія чулыя і шчырыя, беларусы! Я адчула сябе важнай і патрэбнай», – зазначыла псіхолаг.
Яна працягне дапамагаць беларусам, якія пацярпелі ад гвалту і ціску. Бясплатна.
Радыё Свабода