Абвінавачанні па «справе БелТА» прад'явілі 14 журналістам
Канчатковую суму стратаў, якія журналісты, па меркаванні следства, нанеслі дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА, назавуць пазней. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Агулам, па інфармацыі Ганчаровай, абвінавачванні прад’яўленыя 14 асобам.
Раней стала вядома, што сярод абвінавачаных — 6 супрацоўнікаў інтэрнэт-партала TUT.BY, галоўны рэдактар інфармагенцтва БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік Таццяна Каравянкова, журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Усе яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Нагадаем, 7-9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.
Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.
Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Следчы камітэт абвінавачвае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя.
Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.
Паводле baj.by