Абласны суд у Гомелі вырашыць, ці могуць дармаеды скардзіцца ў суд
28 сакавіка апеляцыйная інстанцыя Гомельскага абласнога суда будзе вырашаць, ці маюць дармаеды права на судовае абскарджанне ўключэння іх дадзеных у так званыя спісы не занятых у эканоміцы. Справа ў судзе другой інстанцыі ўзбуджаная па прыватнай скарзе хатняй гаспадыні Марыі Тарасенка.
Нагадаем, суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіўся з прычыны непадведамаснасці разглядаць першую тунеядскую скаргу хатняй гаспадыні на ўключэнне яе ў базу незанятых у эканоміцы. На вызначэнне суда Марыя Тарасенка з дапамогай прафсаюза РЭП падала прыватную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда.
«Раённы суддзя адмовіўся распачаць справу па той прычыне, што Дэкрэт №3 не прадугледжвае магчымасці судовага абскарджання дзеянняў так званых дармаедскіх камісій на месцах. У прыватнай скарзе абласному суду мы заклікаем да іхнага артыкула 60 Канстытуцыі - «кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом». Думаю, кампетэнцыі ў суддзяў хапае, а вось пра незалежнасць і бесстароннасць прапаную паразважаць пасля прынятага тут рашэння», — заявіў прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка.
У прафсаюзе РЭП заяўляюць, што пасля атрымання матывіровачнай часткі рашэння суда аб адмове Марыі Тарасенка ці спагнанні маральнай шкоды таксама будзе пададзеная апеляцыйная скарга ў абласны суд. Юрыдычная служба прафсаюза раней адзначала, што разам з Марыяй Тарасенка пачынае стратэгічную цяжбу, куды ўваходзяць інфармацыйныя, прававыя і іншыя дзеянні, накіраваныя на адмену сумнавядомага Дэкрэта №3.
«Для дасягнення пастаўленай мэты мы будзем задзейнічаць любыя даступныя механізмы. Напрыклад, пасля адмовы Марыі ў пазове пра маральную шкоду мы звярнуліся ў камісію для прызнання занятай у эканоміцы па прычыне стану яе здароўя. Цяпер мяч на баку камісіі. Плануем звярнуцца, у тым ліку і да так званых «ўпаўнаважаных суб'ектаў», якія маюць права на пастаноўку перад Канстытуцыйным Судом пытання аб канстытуцыйнасці Дэкрэта №3», — падзяліўся планамі прафсаюзны юрыст.
Паводле Гомельскай Вясны