Абаронцы Курапатаў правялі нефармальныя грамадскія слуханні
Больш за сотню
жыхароў Зялёнага Лугу выказаліся супраць будоўлі бізнес-цэнтра на сходзе жыхароў на МІрашнічэнкі, 53.
Сход жыхароў быў прызначаны а 18-й гадзіне, але пачаўся са спазненнем: людзей увесь час прыбывала, таму арганізатары вырашылі дачакацца большасці. У выніку сабралася каля 130 чалавек без уліку актывістаў ды журналістаў. Над натоўпам луналі бел-чырвона-белыя сцягі, прынесеныя Алесем Лагвінцом.
Прамоўцамі выступілі Павел
Севярынец, Аляксей Янукевіч ды фактычны “камендант” вахты абаронцаў Курапатаў
Зміцер Дашкевіч. Севярынец абвясціў галасаванне “за” ці “супраць” навабуду.
Большасць падняла рукі супраць будоўлі.
Сказалі сваё слова і мясцовыя жыхары:
— Дзе наш дэпутат, за якога мы галасавалі? На каго ён працуе? — пытаўся ў людзей сівы мужчына з гучнагаварыцелем, — Значыць “крышуе” будоўлю, значыць яны разам з інвестарам… А ёсць закон — пра адкліканне дэпутата!
Сход апынуўся надзвычай эмацыйным. Гучалі воклічы “Жыве!”, а калі будаўнікі
час-почас выходзілі з-за плоту, натоўп гукаў: “Ганьба!”
Сярод людзей было
чуваць размовы пра збіццё актывістаў уначы з 22 на 23 лютага, як праяву
“беспредела” з боку ўлады ды забудоўшчыка.
Увесь працэс здымалі некалькі людзей у цывільным: праходзячы побач са спецслужбістамі жыхары пляваліся альбо закрывалі камеру рукой.
Галоўнымі вынікамі сходу, які пераўтварыўся ў нефармальныя грамадскія
слуханні (фармальныя так і не былі праведзеныя) была фіксацыя рэзка-негатыўнай
пазіцыі жыхароў адносна будоўлі ды рашэнне ісці на прыём да старшыні Мінгарвыканкаму
1 сакавіка.
Паралельна палітыкі заклікалі жыхароў пісаць індывідуальныя звароты супраць пабудовы 5-павярховага офіснага будынка ў Мінгарвыканкам, Мінкульт ды Генпракуратуру.