11 ліпеня — 20 гадоў “Народнай волі” (+Відэа)
20-гадовы юбілей “Народнай волі” — бясспрэчны доказ перамогі вольнага слова над словам цэнзураваным, сапраўднай і сумленнай журналістыкі — над эрзацам прапагандысцкага прадукту.
Гэта знак здольнасці беларускага грамадства да развіцця і дэмакратычных перамен, бо колькасць чытачоў, падпісчыкаў, сяброў “Народнай волі” расце насуперак маштабным намаганням разнастайных уладных адміністрацый.
Чытачы не аднойчы баранілі сваю газету — аж да пікетаў на вуліцах і плошчах.
Газета штодня бароніць іх — і ад вялікай ідэалагічнай хлусні, і ў “малых” канкрэтных справах, з надзеяй вырашыць якія людзі ідуць у “Народную волю” бясконцай чарадой.
“Народная воля” часцяком вырашае праблемы, за якія не бярэцца ніводная з нібыта магутных і адказных інстанцый. І людзі паважаюць газету за гэтую няспынную працу-барацьбу, за сумленнасць і прынцыповасць.
Журналісты, што працуюць у “Народнай волі”, зрабілі слаўнымі не толькі асабістыя імёны – яны робяць славу беларускай журналістыцы, нашай прафесіі. Іосіф Сярэдзіч, што сабраў такі высокапрафесійны і баявіты калектыў, варты глыбокай павагі і за асабістую нязломнасць.
“Народная воля” будзе існаваць у Беларусі, нават калі газету давядзецца дастаўляць сюды паветранымі шарамі!” — сказаў неяк Сярэдзіч у час пераадолення чарговых чынавенскіх бар’ераў.
Дзякуй галоўнаму рэдактару за тое, што стрымаў сваё слова.