Важны навукова-метадалагічны прарыў Міністэрства эканамічнага аптымізму

На колькі яшчэ росквіту хопіць фінансаў — пытанне з галіны неэўклідавай эканомікі. Пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_vjasna_2022_minsk_park_pryroda__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___6_.jpg

Учора намесніца міністра эканомікі здзейсніла незапланаваны выхад у рэальнасць. Сказала, што беларускай эканоміцы для поўнага шчасця не хапае беларусаў. Што не атрымаецца замяніць беларусаў, якіх не хапае айчыннаму росквіту, эмігрантамі. (Якія, дарэчы, у чаргу за росквітам таксама не выстройваюцца). Што трэба неяк больш шанаваць беларусаў, якія яшчэ пакуль ёсць, а яшчэ лепш — вярнуць тых беларусаў, якія ўжо з'ехалі.

І я хачу табе сказаць, што такое адкрыццё для Міністэрства эканамічнага аптымізму — ужо само па сабе важны навукова-метадалагічны прарыў.

Ну калі нават Міністэрства эканамічнага аптымізму заўважыла, што росквіту не хапае людзей, значыць, іх зусім не хапае. Значыць, нядобрае ў краіне нешта дзеецца з людзьмі.

Таму што Міністэрства эканамічнага аптымізму любіць заўважаць у краіне рост ВУП. А людзей яно неяк раней у краіне не заўважала.

Міністэрства эканамічнага аптымізму, праўда, не ўдакладніла, хто ў гэтым вінаваты. А не ўдакладніўшы, хто ў гэтым вінаваты, не магло, адпаведна, сказаць, што рабіць. Таму што ў бягучых жыццёвых абставінах пытанні "Хто вінаваты" і "што рабіць" — гэта практычна адно пытанне. Пакажы пальцам на таго, хто вінаваты, — і адразу будзеш ведаць, што з гэтым рабіць. А не пакажаш, — дык і не даведаешся.

Прычым, тут жа сутнасць у тым, што ўсе іншыя спосабы нешта з гэтым зрабіць беларускія ўлады ўжо апрабавалі.

І я нават не кажу пра ідэю знайсці заводам некалькі тысяч патрыятычна настроеных пенсіянераў. Я кажу пра метады выключна фінансавага стымулявання. Пра тое, што беларускія кампаніі, якім нестае людзей, падвышаюць заробкі, нават калі гэтае падвышэнне не адпавядае іх фінансавым магчымасцям.

За красавік заробкі з папраўкай на інфляцыю выраслі на 15 адсоткаў, — і гэта пасля таго, як у сакавіку яны выраслі на 13 адсоткаў. І нават дружалюбны Еўразійскі банк ужо кажа, што такі рост заробкаў дрэнна адбіваецца на стане фінансавай стабільнасці.

Але справа нават не ў стабільнасці. Супраць стабільнасці і здаровага сэнсу ў беларускіх уладаў ёсць пастанова аб рэгуляванні цэнаў. Павышэнне заробкаў рынку працы ўсё роўна не дапамагае. Пры ўсім росце заробкаў за апошнія пару дзён у рэспубліканскім банку вакансій дадалося дзве тысячы новых вакансій. Заробкі растуць — а людзі ўсё роўна нестае.

А павышэнне заробкаў ідзе такімі тэмпамі, што ў некаторых гэтыя тэмпы выходзяць за рамкі здаровага сэнсу. Таму за тры месяцы гэтага года чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў упаў на 20 адсоткаў, а чыстыя страты, наадварот, выраслі ў паўтара раза.

Таму што людзей нестае — і даводзіцца падвышаць заробкі, каб утрымаць тых, якіх пакуль стае. А кошты на беларускі экспарт растуць у альтэрнатыўным кірунку. А павышаць унутраныя цэны цэнавае рэгуляванне не дазваляе.

Гэта значыць, росквіт квітнее па ўсіх справаздачах, і толькі фінансам прадпрыемстваў яно не ідзе на карысць.

І на колькі яшчэ росквіту хопіць гэтых фінансаў — пытанне з галіны неэўклідавай эканомікі. (Асабліва, улічваючы схільнасць Міністэрства эканамічнага аптымізму да стварэння статыстычных ілюзій).

Дрэнна не тое, што фінансы ў беларускіх прадпрыемстваў могуць скончыцца. Дрэнна тое, што яны могуць скончыцца раптоўна.